Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як робаты руйнуюць Беларусь. Гэта ня жарт


Футуролягі палохаюць нас: маўляў, робаты ўжо цяпер малююць карціны, кампануюць музыку, пішуць артыкулы, а неўзабаве забяруць працу ў людзей. За Беларусь, якой у тэхналягічным пляне яшчэ далёка да Каліфорніі, я не хваляўвася. Да апошняй паездкі ў родную вёску.

Але перш чым запрасіць вас у Налібакі, прапаную на хвіліну заскочыць у Кембрыдж. У 2004 годзе два тамтэйшыя эканамісты Фрэнк Леві і Рычард Мэрнэйн апублікалі візіянэрскую кнігу «Новы падзел працы. Як кампутары ствараюць новы працоўны рынак». Аўтары захапляліся ў ёй магчымасьцямі, якія адкрываюць інфарматызацыя і аўтаматызацыя. Але яны мусілі з сумам прызнаць, што ўсё яшчэ існуюць заданьні, якія вымагаюць шмат узаемадзеяньня і аналізу рэчаіснасьці, а таму ўласьцівыя толькі людзям. То бок робаты проста ня ў стане будуць выконваць многія працы, якія робіць сёньня чалавек. Сярод такіх заданьняў яны назвалі кіраваньне аўтамабілем.

Сьвет ідзе да таго, што без мабільнай аплікацыі чалавек неўзабаве і гарбаты сабе ня зробіць.

Калі аб прагнозе выкладчыкаў Кембрыджу дазнаўся сёньня вучань школы недзе ў Пухавічах, то ён бы рагатаў. Пра аўтаномныя аўтамабілі на амэрыканскіх вуліцах СМІ паведамлялі ўжо два гады таму.

Што там аўтамабілі. 3D-прынтэры друкуюць дамы і штучныя органы для чалавека. Мабільным тэлефонам можна выкрыць рак, заплаціць у краме за прадукты, а з дапамогай гугалтранслэйту паразумецца на экзатычнай мове, назву якой вы, магчыма, і ня чулі. Сьвет ідзе да таго, што без мабільнай аплікацыі чалавек неўзабаве і гарбаты сабе ня зробіць.

Тэхналёгія спрашчае нам жыцьцё. Яна служыць інструмэнтам пазытыўнай зьмены і дазваляе нам рабіць тое, чаго б мы самі ніколі не былі ў стане зрабіць. І гэта пачынае напружваць. Не хачу быць буркуном і палохаць сцэнамі з «Тэрмінатара», калі робаты ваявалі зь людзьмі. Думаю, што да гэтага дойдзе ня хутка (ужо чую гігіканьне Фрэнка Леві і Рычарда Мэрнэйна з Кембрыджу). Але калі побач з намі зьяўляецца ўсё больш дасканалых машын і праграмаў, якія робяць нашую працу, але значна лепш, то дзеля чаго будзе патрэбны чалавек?

Аўтаматызацыя ды інфарматызацыя ня будуць забіраць працу ў беларусаў. Яны ўжо яе забіраюць.

Гэтае экзыстэнцыйнае пытаньне не адпускае мяне ад моманту, калі я ўбачыў новы кароўнік у Налібаках. Аб’ект яшчэ ў будове. Плошчай утрая большы, чым папярэднікі побач. Гэтая будова мяне вельмі ўсьцешыла. Будзе кароўнік, а значыць, і новыя дзясяткі месцаў працы. У вёсцы пабудуюць новыя дамы для спэцыялістаў, а садок і школу, у якіх абслугі неўзабаве можа стаць больш, чым дзяцей, не зачыняць. А значыць, і Налібакі, якім летась споўнілася 570 гадоў, не памруць так хутка, як прадказвае рэчаіснасьць.

І пра сябе падумаў. Перад паездкай на радзіму мяне напалохала навіна пра бот Heliograf, які напісаў для The Washington Post 850 артыкулаў. Калі б у будучыні бот забраў у мяне працу журналіста, дык мне было б куды вярнуцца. Думка, што робат можа забраць працу ў Налібаках, мне ў галаву не прыходзіла.

Робаты будуць дасканаліцца і выціскаць чалавека.

Але землякі хутка вярнулі мяне на зямлю. Новы кароўнік, у якім зьмясьцілася б пяць Боінгаў, будзе цалкам аўтаматызаваны. Мне так і сказалі: «Дык там жа ня людзі будуць працаваць, а робаты. Нехта зь іншага кароўніку прыйдзе і толькі кнопку націсьне. Ужо сказалі, што працы ў нас больш ня стане». Гаворка пра супэрінтэлігентную дойную сыстэму.

Такое нават Google ня сьнілася. Робаты забіраюць работу ў Налібаках. Вось такая крыптафэрма.

Аўтаматызацыя ды інфарматызацыя ня будуць забіраць працу ў беларусаў. Яны ўжо яе забіраюць. Робаты будуць дасканаліцца і выціскаць чалавека. Працадаўцу будзе зручней наняць на кароўнік такога робата, чым Ванду ці Казіка. І плаціць менш, і каэфіцыент выдаткаў/выніку стабільны, і прафсаюзы ня будуць дурыць галаву. Скарыстаецца гэтым невялікі пласт бізнэсоўцаў, інвэстараў, дзяржаўных фірмаў. Празь нейкі час дзяржава сутыкнецца з такой праблемай «дармаедаў», якая ёй і ня сьнілася. Як сьведчыць прыклад візіянэраў з Кембрыджу, стацца гэта можа значна раней, чым мы можам думаць. І тады давядзецца прымаць нейкія законы, абмежаваньні, а можа народзіцца новы Ленін, які павядзе пралетарыят на буржуяў.

Але Налібакі пакуль жывуць. Неўзабаве ў цэнтральнай частцы вёскі абяцаюць нават ходнікі пакласьці. Толькі хто па іх будзе хадзіць праз 20 гадоў — вялікае пытаньне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG