Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у Чэхіі паперадзе цяперашні прэзыдэнт Зэман


Цяперашні прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман —​ лідэр першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, пра гэта сьведчаць папярэднія зьвесткі з падліку бюлетэняў.

Паводле папярэдняга падліку, Мілаш Зэман, вядомы сваімі антыімігранцкімі, прарасейскімі пазыцыямі, атрымаў каля 40 адсоткаў галасоў.

Яго бліжэйшы канкурэнт, былы прэзыдэнт Акадэміі навук Чэхіі Іржы Драгаш, якога лічаць праэўрапейскім лібэралам, атрымаў 26 адсоткаў падтрымкі выбарнікаў.

Кандыдат Павэл Фішэр, былы амбасадар Чэскай Рэспублікі ў Францыі, набраў 10,19%.

Міхал Горачэк, былы ўладальнік лятарэйнай кампаніі, паэт-песеньнік, пісьменьнік, журналіст — 9,14%

Марэк Гілшэр, лекар і адмысловец у галіне міжнародных адносінаў — 8,81%

Астатнія кандыдаты — прадусар і кампазытар Пэтр Ганіг, мэнэджэр, старшыня Асацыяцыі абароннай прамысловасьці Чэскай Рэспублікі Іржы Гінэк, былы старшыня Рады дырэктараў аўтамабільнага прадпрыемства Škoda Auto Враціслаў Кулганэк і былы прэм’ер-міністар краіны Мірэк Топаланэк не набралі больш за 5% галасоў.


Другі тур выбараў адбудзецца праз два тыдні — 26–27 студзеня.

Зэман падзякаваў выбаршчыкам за галасы і заклікаў сваіх прыхільнікаў прыйсьці на другі тур. Ён прыняў выклік і Іржы Драгаша, паабяцаўшы правесьці зь ім публічныя дэбаты.

73-гадовы Земан быў упершыню абраны на пасаду прэзыдэнта Чэхіі ў 2013 годзе.

Чэхія ёсьць парлямэнцкай рэспублікай, але паводле Канстытуцыі прэзыдэнт мае шэраг важных паўнамоцтваў, у прыватнасьці, менавіта ён даручае тым альбо іншым палітыкам сфармаваць урад.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG