Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар свабодаўскага праекту «100 словаў» выпусьціў кнігу мініятур


Пры канцы 2017 году ў выдавецтве «Логвінаў» выйшла кніга Аляксандра І.Бацкеля «Квадратурынавы маёнтак». Яна складзеная з кароткіх эсэяў, якія аўтар пісаў для праекту Радыё Свабода «100 словаў».

Праграма цягнулася больш за два гады, і Аляксандр І. Бацкель быў адным з самых актыўных яе ўдзельнікаў. Так што ў выніку атрымалася кніга, у якой сто адно «стаслоўе».

Аўтар кажа, што ягоная кніга дасьледуе навакольле, пачуцьці, стыхіі, асэнсоўвае падарожжы. І яна рэкамэндаваная да чытаньня па адной старонцы на дзень.

Фармат «100 словаў» вельмі дарэчны для сучаснага чытача, чый рытм жыцьця настолькі хуткі, што яму нестае часу на даўжэйшыя празаічныя тэксты.

Але нават такія кароткія тэксты, на думку аўтара, ужо, магчыма, задоўгія. «аляксандр.і.бацкель хоча давесьці да абсалюту кароткую літаратурную форму, мо нават да аднаго сказу, пяці словаў, трох. Паглядзім, што атрымаецца».

«Квадратурынавы маёнтак» — гэта чацьвёртая кніга аляксандра і.бацкеля. Перад ёю былі «Мімікрыя. Дасьледаваньне чатырох стыхій на прыкладзе чатырох летуценьнікаў» (Ковчег, 2013); «Маёнтак Рыбы» (Ковчег, 2014) і «Яблыневы маёнтак» (Логвінаў, 2015).

Наогул жа аўтар зь імем «аляксандр і.бацкель» — гэта літаратурны двайнік празаіка Сяргея Календы, пад якім той пачаў пісаць ад 2012-га. «Тады мой бацкель зьявіўся дзеля таго, каб дапамагчы мне дапісаць раман, які тры гады чагосьці чакаў, — тлумачыць сп. Сяргей. — Потым ужо пачаліся гульні з чытачамі, і рассакрэчваньне неяк само па сабе адбылося. Спачатку перад Андрэем Хадановічам, калі ён мне ліставаў, каб удакладніць, хто такі гэты мой сябра, ці гэта яго ня першая кніга (гэта была важная інфармацыя, бо бацкеля я падаў на прэмію „Дэбют“). Потым неяк само па сабе стала ўсё вядомым, калі зьявіўся „Маёнтак рыбы“ — кніга кароткай прозы. І я пачаў атрымліваць ад калегаў і чытачоў віншаваньні з удалай літаратурнай гульнёй».

Аляксандар І. Бацкель
Аляксандар І. Бацкель

Але пры гэтым імя Сяргея Календы таксама ня зьнікла зь літаратурнага працэсу. Ягоныя апошнія кнігі «Ўсё ўлічана. All Inclusive» (Логвінаў, 2015) і «Падарожжа на край ложка» (Логвінаў, 2016) былі даволі ўхвальна прынятыя крытыкай і чытачамі, уваходзілі ў доўгі сьпіс намінантаў на прэмію імя Гедройця.

Чым жа аляксандр і.бацкель падобны да Сяргея Календы і чым прынцыпова адрозьніваецца?

«Я дакладна ведаю, чым ён адрозьніваецца — ён здольны на больш узьнёслыя эмоцыі і пачуцьці, здольны на доўгія разважаньні, нясьпешны тэкст без надрыву, мацюкоў і з магчымасьцю экспэрымэнтаваць з формаю, — кажа сп.Сяргей. — Ён піша новае, і гэта яшчэ больш кароткія тэксты, чым па сто словаў. Гэта тэксты — мэдытацыі, сэнтэнцыі...»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG