Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вывучаюць «мяшкі КДБ» у Латвіі


Інсталяцыя ў будынку былога КДБ Латвійскай ССР у Рызе.

У Латвіі пры канцы мінулага году распачалася дыскусія вакол так званых «мяшкоў ЧК» — апошняй агентурнай картатэкі, якая захоўваецца ў Цэнтры па дакумэнтаваньні наступстваў таталітарызму, які падпарадкаваны Бюро па абароне канстытуцыі (SAB) — латвійскай контрвыведцы.

У спэцслужбе адмовіліся прадставіць навукоўцам доступ да яе, патлумачыўшы гэта абаронай асабістых дадзеных яе фігурантаў.

​Аднак уступленьне гэтага артыкулу ў сілу неаднаразова было адтэрмінаванае. Апошнім разам — на 50 гадоў папраўкамі ад 2014 году. Паводле гэтых жа паправак, належала стварыць міждысцыплінарную камісію па вывучэньні дакумэнтаў КДБ, якая пачне працу 1 студзеня 2015 году і 31 траўня 2018 году прадставіць кабінэту міністраў заключнае паведамленьне пра тое, што варта публікаваць, а што не.

На дзейнасьць «Камісіі па навуковаму дасьледаваньню КДБ», заснаванай пад эгідай Міністэрства адукацыі і навукі Латвіі, увесь час спрабуюць уплываць розныя ведамствы і структуры, у выніку чаго яна пачала працу на 9 месяцаў пазьней прызначанага тэрміну. Кіраўнік камісіі Карліс Кангерыс распавёў Радыё Свабода пра сытуацыю вакол «мяшкоў ЧК»:

— Дакумэнты, якія згаданыя ў законе, падзеленыя на дзьве часткі. Большая частка, 99 адсоткаў, захоўваецца ў Нацыянальным архіве Латвіі. Мы дасьледуем ня толькі дакумэнты КДБ, але і дакумэнты Камуністычнай партыі, паколькі многія супрацоўнікі КДБ былі сябрамі партыі і належалі да намэнклятуры. Ня КДБ, а партыя кіравала дзяржавай, і мы хочам паказаць сувязь паміж камітэтам і партыяй і іншымі дзяржустановамі. Другая частка — гэта агентурная картатэка, якую латышы канфіскавалі ў КДБ у канцы жніўня 1991 года. У ёй прыкладна 4300 картак агентаў, зарэгістраваных у апошнія гады існаваньня Камітэту. Нас публічна папракалі ў тым, што мы не дасьледуем тую картатэку, ня просім допуску да дзяржаўнай таямніцы.

У Латвіі кожны чалавек можа пайсьці ў Цэнтар дакумэнтаваньня наступстваў таталітарызму і даведацца, ці не згадваецца яго імя ў картатэцы.

Справа ў тым, што яшчэ ў 2015 годзе контрвыведка сьцьвярджала, што ўсе дакумэнты ў картатэцы засакрэчаныя, а мы лічылі, што не. Нас папрасілі стаць работнікамі Цэнтру па дакумэнтаваньні наступстваў таталітарызму. Для дасьледчыка гэта цалкам непрымальна. Калі б тыя людзі, якім зрабілі гэтую прапанову, яе прынялі, яны б падпарадкоўваліся ўсім патрабаваньням SAB пра неразгалошваньне. Аднак мы, вывучыўшы законы, высьветлілі, што дакумэнты, якія захоўваюцца ў бюро, ужо страцілі статус сакрэтнасьці. У 1995 годзе ўрад прыняў пастанову аб тым, што праз 20 гадоў пасьля заканчэньня дзейнасьці КДБ у Латвіі, гэта значыць у 2011 годзе, гэтыя дакумэнты павінны стаць даступнымі для дасьледчыкаў і журналістаў.

Мы ж лічым, што публічна даступная павінна быць ня толькі картатэка, але і ўсе дакумэнты, якія ўзьніклі ў сувязі з дзейнасьцю КДБ. Цяпер праблема ў тым, што яны знаходзяцца ў памяшканьні спэцслужбы, гэта значыць памяшканьні NATO і для працы ў іх усё ж патрабуецца допуск. Паколькі ў лістападзе на нас «наехалі» прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, сьпікер парлямэнту, мы пагадзіліся прызначыць людзей, якія пойдуць у SAB зьвяртацца па допуск.

— Раскажыце, калі ласка, аб той часткі дакумэнтаў, якая знаходзіцца ў Расеі?

— У канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў шматлікія дакумэнты латвійскія структуры КДБ вывезьлі ў Расею — у тым ліку ўсе асабістыя справы штатных супрацоўнікаў, агентаў, а таксама каля 20 тысяч апэратыўных спраў: данясеньняў і іншага. Тагачасны кіраўнік архіву КДБ пакінуў агляд гэтых спраў, так што колькасьць вывезеных дакумэнтаў вядомая. Аднак самі справы нам не даступныя, і хоць латвійская пракуратура і суд неаднаразова запытвалі іх для судовых працэсаў, у Маскве сказалі, што Латвія гэтыя дакумэнты ніколі не атрымае.

— Былая прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга ў свой час не дазволіла адкрываць «мяшкі ЧК».

— У 2006 годзе Сэйм распрацаваў закон аб іх публікацыі. Пасьля другога чытаньня Вайра Віке-Фрэйбэрга гэты праект заблякавала, і пытаньне зьнікла з грамадзкага парадку дня. Ня ведаю, чаму яна гэта зрабіла, мне не ўдалося яе разгаварыць. Раней, калі дыскусія пра публікацыю картатэкі КДБ толькі пачыналася, многія пярэчаньні паступалі ад грамадзкасьці: маўляў, адкрыецца непрыемная праўда, там ёсьць вядомыя асобы, гэта выкліча грамадзкі неспакой і, можа быць, нават самагубства. Усё гэта варта ўлічваць, але, зь іншага боку, нам трэба разглядаць гэтую праблему з пункту гледжаньня прынцыпу адкрытасьці. У Латвіі кожны чалавек можа пайсьці ў Цэнтар дакумэнтаваньня наступстваў таталітарызму і даведацца, ці не згадваецца яго імя ў картатэцы. Я такую даведку аб сабе атрымаў. У ёй згадваюцца псэўданімы агентаў, якія даносілі на цябе. Але па дзеючых латвійскіх законах ты ня можаш даведацца, хто на цябе данёс. У Нямеччыне, напрыклад, ты можаш запытаць сапраўдныя імёны агентаў. Мы лічым, што дзеючы закон аб КДБ трэба сурʼёзна зьмяніць або наогул памяняць цалкам.

— Вы казалі пра тое, што ў «мяшках ЧК» могуць знаходзіцца дадзеныя аб двайных агентах, і таму хтосьці можа ня прагнуць іх публікаваць. Ці ёсьць магчымасьць, што хто-небудзь з гэтай агентурнай сеткі да гэтага часу працуе на Расею?

— Калі вы маеце на ўвазе сапраўдных падвойных агентаў, якія працуюць і на Латвію, і на Расею, іх па картатэцы мы не вылічым. Я ўкладаю ў гэта паняцьце трохі іншы сэнс. Магчыма, у картатэцы былі зарэгістраваныя людзі, якія з аднаўленьнем незалежнасьці сталі працаваць на латвійскую дзяржаву. Мы ведаем, што як мінімум 30 штатных супрацоўнікаў КДБ (а ў цэлым іх у пачатку 90-х налічвалася больш за пяць соцень) перайшлі на службу Латвіі. У кожнага зь іх былі свае агенты, якіх яны курыравалі. Можа быць, яны ўзялі іх з сабой. У спэцслужбе лічаць, што гэта апэратыўны матэрыял, і магчыма, гэтыя карткі варта выключыць.

— Як іх вэрбавалі?

— Звычайна агента вэрбавалі для выкананьня канкрэтнага заданьня, каб укараніць куды-небудзь. У нас захаваліся агентурныя часопісы з 1953 году. Мы ведаем, што з 1953 па 1988 год было прыцягнута да супрацоўніцтва 23 тысячы чалавек. Плюс 4 тысячы ў апошняй агентурнай картатэцы — усяго 27 тысяч інфарматараў: агентаў, рэзыдэнтаў, трымальнікаў кансьпіратыўных кватэр. Працавалі яны розны час. Як распавядаў той жа Яніс Ракпелніс, ён супрацоўнічаў з органамі, пакуль знаходзіўся на службе апэратыўнік, які яго завэрбаваў, а затым яго выключылі з агентурнай сеткі. Стаяла задача перамагчы нацыянальны рух у Латвіі, таму вэрбавалі ў асяродзьдзі вядомых латышоў, пісьменьнікаў, ва ўнівэрсытэтах, каб усюды ўсталяваць кантроль.

— Вы казалі, што некалькі сотняў картак заведзеная на дзеячаў культуры. Наколькі сурʼёзна гэтыя людзі супрацоўнічалі з КДБ?

Такіх картак 583. Калі б былі апублікаваныя імёны агентаў, мы маглі б спытаць у іх асабіста, наколькі глыбока яны супрацоўнічалі з органамі, ці было гэта сапраўднае супрацоўніцтва або тактычнае. Мы маглі б праверыць таксама, ці ўтрымліваюцца іх данясеньні ў электроннай базе паведамленьняў КДБ «Дэльта Латвія». Я, вядома, ведаю імёны. Вядомыя асобы ў картатэцы ёсьць, але я ня ведаю, як яны ў ёй апынуліся. Нават калі б нам былі даступныя асабістыя справы, якія захоўваюцца ў Расеі, мы таксама не маглі б сьцьвярджаць, ці добраахвотна чалавек пайшоў на супрацоўніцтва: калі ты падпісваеш дамову, ты ж не пішаш — маўляў, мяне змусілі.

Мой добры сябар неяк распавёў, як яго хацелі завэрбаваць. Выклікалі некалькі разоў, а падчас апошняй размовы паклалі перад ім ліст паперы і папрасілі падпісаць. Ён адмовіўся. Вярбоўнікаў было двое. Адзін другога спытаў: «Ну што, дамо яму па мордзе?». Другі, яго начальнік, сказаў: «Не, што ты, гэта састарэлыя мэтады, зараз мы такімі справамі не займаемся». Майму сябру прыйшлося даць падпіску пра неразгалошваньне, але ад далейшай яго вярбоўкі КДБ адмовіўся.

Мне распавядалі, што людзей абвінавачвалі ў гомасэксуалізьме, за які такі крымінальна каралі, і націснуць на іх было лягчэй. Лавілі на сямейных здрадах і пагражалі паведаміць у партарганізацыі і мужам. Момант прымусу быў у пэўнай колькасьці выпадкаў. Але варта задаць пытаньне, ці не здабываў чалавек з супрацоўніцтва карысьць для сябе. Хаця б у тым сэнсе, што яго спыняць шантажаваць. Напрыклад, чалавек мае намер паступіць на вучобу, а яму кажуць: не пусьцім, усе шляхі табе закрытыя. Або навукоўцам, якія выяжджалі за мяжу, асабліва ў дакладных навуках, было зусім ясна, што ад іх запатрабуюць займацца індустрыяльна-тэхнічным шпіянажам або, па меншай меры, пастаўляць інфармацыю.

— Вы выступаеце за люстрацыю?

— Я думаю, з люстрацыяй мы даўно спазьніліся. Калі яе і трэба было б правесьці, то ў самым пачатку. Сёньня я ўжо ня бачу ў ёй сэнсу. Адзінае, што дае людзям дзеючая сыстэма — гэта незаслужаную магчымасьць схаваць праўду.

— Як вы думаеце, ці былыя агенты яшчэ адыгрываюць ролю ў латыскім грамадзтве?

— Спадар Майзіціс (Яніс Майзіціс — шэф латвійскай контрвыведкі SAB — РС) кажа, што няма, хоць зь вядомых мне фігурантаў картатэкі некаторыя займалі высокія пасады, і на іх можна было ўплываць. Але яны ў сыстэме КДБ былі ніжэйшых зьвяном. А нам трэба прыгледзецца да таго, што робяць сапраўдныя чэкісты, былыя штатныя супрацоўнікі КДБ, які ўплыў аказваюць на латвійскую эканоміку... Усе імёны штатных супрацоўнікаў КДБ Латвіі ў мінулым дзесяцігодзьдзі былі апублікаваныя. І мы бачым, на якіх высокіх пасадах яны сядзяць, якімі эканамічна важнымі прадпрыемствамі кіруюць.

— Сьляды КДБ у якіх сфэрах жыцьця вы ўжо дасьледавалі?

Мы дасьледуем матэрыялы па меры паступленьня. Спачатку — крымінальныя справы, па якіх людзей судзілі за антыдзяржаўную дзейнасьць. Там жа могуць быць, як мы ў апошні час высьветлілі, непалітычныя пазовы, зьвязаныя з эканамічнымі злачынствамі — спэкуляцыяй і падобнымі рэчамі. У латвійскім архіве 52 тысячы спраў, расьсьледаваных КДБ і даведзеных да суду. Мы разглядаем асобныя справы, каб зразумець, што гэта за матэрыял. Публікуем вынікі сваіх дасьледаваньняў. У першым нашым зборніку адзін аўтар пісаў пра справы, зьвязаныя з уцёкамі людзей з Латвіі пры савецкім рэжыме. Іншыя публікавалі дасьледаваньні аб маладзёжным супраціве — пра тое, як, напрыклад, школьнікі пісалі ўлёткі з заклікам «За свабодную Латвію!», і іх за гэта высылалі на 2-3 гады ў Сыбір.

Затым мы вывучалі сыстэму з інстытуцыйнага пункту гледжаньня — у чацьвёртым зборніку апублікаваныя два вялікія артыкулы на гэтую тэму. Пра «Інтурыст», напрыклад: шматлікіх гідаў вэрбавалі, у кіраўніцтва гэтай структуры ўкаранялі былых афіцэраў. Мы ведаем таксама, што ў Акадэмію навук, у навуковыя ўстановы таксама прызначалі былых супрацоўнікаў КДБ. Самі яны называлі арганізацыі, у якіх працавалі, структурамі прыкрыцьця. У апошняй, пятай кнізе мы публікуем біяграфіі супрацоўнікаў вышэйшага эшалёна МУС і КДБ — распавёў кіраўнік латвійскай «Камісіі па навуковаму дасьледаваньню КДБ» Карліс Кангерыс.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG