Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія гісторыкі лічаць, што Данатас Банёніс супрацоўнічаў з КДБ


Літоўскі цэнтар па дасьледаваньні генацыду і супраціву жыхароў Літвы апублікаваў дакумэнты, у якіх гаворыцца, што вядомы акцёр Данатас Банёніс і дырыжор Саўлюс Сандзяцкіс супрацоўнічалі з КДБ. Па зьвестках цэнтра, Банёніс працаваў пад псэўданімам «Бронюс».

У дакумэнтах гаворыцца, што Банёніс зьбіраў інфармацыю пра літоўцаў у ЗША і перадаваў КДБ характарыстыкі на эмігрантаў. Супрацоўніцтва працягвалася як мінімум з 1970 года, калі Банёніс езьдзіў у ЗША. На сайце аб дзейнасьці КДБ так, у прыватнасьці, апісваецца візыт Банёніса ў Злучаныя Штаты па запрашэнні Фэдэрацыі Santaros Šviesа ў 1970 годзе:

«Да паездкі агент быў праінструктаваны аб дзейнасьці літоўцаў Злучаных Штатаў Амэрыкі, яму таксама была прадастаўлена каштоўная інфармацыя і задачы, ускладзеныя на яго, якія ён выканаў. Агент усталяваў кантакты зь некаторымі літоўскімі эмігрантамі, якія цікавілі КДБ. Ён прадставіў іх характарыстыку. Гэта магло б палегчыць апэратыўную працу (сачэньне) падчас наведваньня гэтымі людзьмі Літвы ». У 1974-м, калі Банёніса абралі дэпутатам Вярхоўнага савета СССР, ён спыніў супрацоўніцтва.

Данатас Банёніс быў вядомы па фільмах «Мёртвы сэзон», «Салярыс», «Уцёкі містара Мак-Кінлі», «Нікола Паганіні».

У 2014 годзе ён памёр ва ўзросьце 90 гадоў.

Дырыжор Саўлюс Сандзяцкіс, па дадзеных дакумэнтаў КДБ, быў завэрбаваны ў 1962 годзе. Ён працаваў пад імем «Салютас» і ў агентурнай сетцы знаходзіўся да 1982 года. КДБ цікавіў яго бацька Яцкус Сандэцкіс, які эміграваў у ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG