Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі закупілі 43 аленяў для выратаваньня беларускай папуляцыі


Алень у Белавескай пушчы. Фота – Аляксандар Пекач

У лясным урочышчы блізу Мазыра сёлета зьявіліся 43 новыя жыхары — алені. Іх купілі у Латвіі, выдаткаваўшы звыш 68 тысяч рублёў. Статак налічвае 3 дарослыя самцы, 20 цельных самак і 20 гадавалых цялят.

Для навасёлаў выгарадзілі адмысловы карантынны вальер на 12-гектарнай плошчы, завезьлі сена, асіньнік, соль. Прыкладна шэсьць месяцаў алені будуць праходзіць тут адаптацыю. Калі новы прыплод падрасьце, чараду выпусьцяць на волю — гадавацца ў лесе.

Закупілі аленяў празь Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Першы намесьнік старшыні таварыства Анатоль Малажаўскі паведаміў Свабодзе, што жывёлы набытыя ў межах дзяржаўнай праграмы «Беларускі лес» на 2016-2020 гады.

«У Беларусі папуляцыя аленяў складае толькі 17 адсоткаў ад аптымальнай колькасьці. Апошнія зьвесткі падсумоўваюцца, лічба зьменіцца нязначна — будзе максімум 19 адсоткаў. Алень слаба прадстаўлены на тэрыторыі нашай краіны», — кажа Анатоль Малажаўскі.

Сродкі пайшлі ад збораў на паляваньне

Алень у Белавескай пушчы. Фота – Аляксандар Пекач
Алень у Белавескай пушчы. Фота – Аляксандар Пекач

​Паводле намесьніка старшыні БТПР, сродкі на куплю аленяў скарыстаныя ад збораў на дазвол паляваньня, якія акумулююцца на рахунках аблвыканкамаў. Апроч таго, невялікія сродкі ў межах дзяржаўнай праграмы мэтава выдзелены таварыству паляўнічых і рыбаловаў менавіта на разьвіцьцё папуляцыі аленяў на Мазыршчыне, дзе іх, па сутнасьці, няма, а калі і сустракаюцца, дык толькі адзінкі.

Паводле зьвестак БТПР, на іхных угодзьдзях цяпер жыве 2,6 тысячы аленяў, 13,6 тысячы ласёў, 35,5 тысячы эўрапейскіх казуляў, 33,1 тысячы баброў, 17 тысяч цецерукоў і каля 900 ваўкоў.

Два гады таму таварыства стварыла аленевую фэрму, і 10 студзеля паўсотні асобін перасялілі ў Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласьці. Гэта пакуль адзіны выпадак, калі пашырэньне папуляцыі такіх жывёлін зроблена за кошт унутраных рэсурсаў. Раней, па лініі Мінпрыроды і Мінлесгасу, расьсяляліся белавескія зубры, у прыватнасьці на Гомельшчыну.

Іншых дзікіх жывёл (казуль, муфлонаў), як і аленяў, Беларусь набывае за мяжою.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG