Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонія павялічыла выдаткі на барацьбу з прапагандай больш як у 13 разоў


Эстонскія ўлады павялічылі выдаткі на барацьбу з дэзынфармацыяй і прапагандай з 60 тысяч да 800 тысяч эўра. На такім узроўні бюджэт стратэгічнай камунікацыі пратрымаецца як мінімум 4 гады.

З 2018 году выдаткі Эстоніі, накіраваныя на барацьбу з дэзынфармацыяй і прапагандай, будуць павялічаныя ў 13,3 раза — з 60 тысяч да 800 тысяч эўра. Як піша эстонская газэта Postimees са спасылкай на Дзяржаўную канцылярыю Эстоніі, на гэтым узроўні бюджэт для забесьпячэння стратэгічнай камунікацыі будзе трымацца ня менш за чатыры гады.

Агулам да 2021 году Талін выдаткуе на гэтыя мэты 3,26 мільёна эўра. Каманда спэцыялістаў у стратэгічнай камунікацыі будзе павялічаная з 2 да 8 чалавек.

Паводле адказнага за стратэгічную камунікацыю ў адпаведным бюро ўраду Эстоніі Марціна Яшко, да гэтага часу праца ў барацьбе з прапагандай у асноўным будавалася на рэагаваньні на паведамленьні, якія наносяць шкоду дзяржаве. Надалей жа яна павінна быць нацэленая на прадухіленьне плыняў дэзынфармацыі.

І калі раней бюро ў асноўным назірала за СМІ Расеі, то цяпер адной з задач новай каманды экспэртаў называецца атрыманьне значна больш дакладнай карціны інфармацыйнай прасторы замежных мэдыя і сацыяльных сетак, у якіх зьяўляецца інфармацыя пра Эстонію. Мяркуецца таксама стварыць кантактную сетку з замежных журналістаў і прадстаўнікоў аналітычных цэнтраў, якія цікавяцца Эстоніяй, паведамляе DW.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG