Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі выйшла сэнсацыйная біяграфія Густава Гусака — камуністычнага генсэка і «буржуазнага нацыяналіста»


Леанід Брэжнеў і Густаў Гусак ў Маскве на сьвяткаваньні 60-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Лістапад 1977 году.
Леанід Брэжнеў і Густаў Гусак ў Маскве на сьвяткаваньні 60-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Лістапад 1977 году.

Першая паўнавартасная навуковая біяграфія лідэра, які 20 гадоў кіраваў Чэхаславаччынай, выйшла толькі цяпер — напярэдадні 50-годзьдзя Праскай вясны.

Незвычайна ў гэтай кнізе тое, што яе напісаў зусім малады гісторык — 31-гадовы Міхал Махачэк. «Здаецца, аўтар кнігі ведае майго бацьку лепш, чым я сам», — ляканічна пракамэнтаваў гэтую працу Ўладзімір Гусак, сын былога прэзыдэнта краіны.

Міхал Махачэк адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

— Калі эпоха Густава Гусака скончылася, вам было ўсяго тры гады. Што вас прывяло да вывучэньня біяграфіі менавіта гэтага дзеяча — асабісты досьвед жыцьця пры «нармалізацыі» наўрад ці?

— Чым даўжэй я займаўся жыцьцём Гусака, тым мацней мяне захапіла драматургія гэтага жыцьця. Гэта моцная гісторыя, з ўзьлётамі і падзеньнямі, месцамі ледзь не на ўзроўні антычнай трагедыі.

Хоць сустракаліся ў ёй і камічныя моманты. Ну а потым вялікім стымулам стала зваротная сувязь. Мае сябры, знаёмыя, члены сям’і, даведаўшыся, што я пішу біяграфічную кнігу пра Гусака, пачалі задаваць мне розныя пытаньні на гэтую тэму, цікавіцца.

Потым пра гэта неяк даведаліся журналісты, я даў пару інтэрвію. Любога чалавека стымулюе цікавасіць да яго працы, адчуваніне, што гэта камусьці цікава, што ваш праца мае сэнс.

— Густаў Гусак быў сынам беднага славацкага селяніна, які атрымаў сур’ёзныя раненьні на фронце ў гады Першай сусьветнай вайны. Яго бацька, аднак, левым радыкалам ня быў, сама Славакія у той час — вельмі каталіцкая краіна (ці рэгіён, улічваючы, што самастойнай яна тады не была). Што прывяло маладога Гусака да камуністаў?

— Уласьцівая яму камбінацыя крытычнага мысьленьня і ідэалізму. Гусак быў паводле нараджэньня бедняком, але яму ўдалося паступіць у прэстыжную гімназію ў Браціславе, а потым на юрыдычны факультэт унівэрсытэту. Ён рана сутыкнуўся з сацыяльнай няроўнасьцю, якую ўспрыняў як абуральную несправядлівасьць.

Ён рана сутыкнуўся з сацыяльнай няроўнасьцю, якую ўспрыняў як абуральную несправядлівасьць

Дадамо гістарычны кантэкст: 1930-я гады, Вялікая дэпрэсія, якая адбілася і на эканоміцы Чэхаславаччыны. Рост беспрацоўя, абвастрэньне сацыяльных і нацыянальных канфліктаў — хоць міжваенная Чэхаславаччына была разьвітай дэмакратыяй, праблем у краіне хапала.

Крытычна настроеныя маладыя людзі накшталт Густава Гусака разважалі так: дэмакратыя — выдатна, мы можам казаць тое, што хочам, але пры гэтым у мноства людзей няма магчымасьці знайсьці нармальную працу, а часам і пракарміць сябе і сям’ю.

— Але Гусак быў левым інтэлектуалам, у яго напэўна гэтыя ўяўленьні былі больш дэталёвымі. Ён чытаў марксісцкую літаратуру?

— Так, але што характэрна — спачатку на замежных мовах, у тым ліку, вядома, на расейскай, таму што на славацкай і чэскай мовах такой літаратуры было ў гады яго маладосьці мала. Тут ёсьць цікавы момант: пазьней, у 50-я гады, калі Гусак 9 гадоў правёў у турме, ён у адным зь лістоў жонцы піша — маўляў, нарэшце ў мяне ёсьць час усё гэта як сьлед вывучыць.

— У зьняволеньні Густаў Гусак праявіў сябе як чалавек незвычайна мужны. Вядома, што ён быў абвінавачаны ў пачатку 50-х гадоў, у самы рэпрэсіўны пэрыяд чэхаславацкага камуністычнага рэжыму, разам з групай славацкіх палітыкаў у «буржуазным нацыяналізьме». І, у адрозьненьне ад вельмі многіх, ня быў зламаны, ня ўзьвёў паклёп ні на сябе, ні на іншых. Як гэта растлумачыць? Што ў яго быў за характар?

— Там у яго зьявілася паважлівая мянушку Жалезны Густаў. Ён быў вельмі упарты, мэтанакіраваны і жорсткі — да сябе і да іншых. Мне ўяўляецца, што Гусак добра умеў валодаць сабой.

Пры гэтым ён бачыў у тым, што зь ім здарылася, нейкі вышэйшы сэнс: гэта выпрабаваньне, у якім яму трэба будзе даказаць, штó ёсьць праўда.

ён у юнацтве як бы перайшоў з адной веры ў іншую — ад каталіцызму, у якім быў выхаваны, да марксізму-ленінізму

Ён быў прававерным камуністам і лічыў, што, маўляў, партыяй авалодалі дрэнныя людзі, але сама ідэя верная! І яго задача — супраціўляцца ў імя захаваньня і ачышчэньня камуністычнай ідэі. А заадно — рэабілітацыі сваёй і тых, хто быў абвінавачаны разам зь ім.

У Гусака быў палітычны мэнтар, якога ён вельмі паважаў, — Уладзімір Клэмэнтыс, пасьля вайны — міністар замежных спраў Чэхаславаччыны. Клэмэнтыса не любілі ў Маскве, таму што ён яшчэ да вайны крытыкаваў пакт Молатава — Рыбэнтропа.

У 1952 годзе Клэмэнтыс быў асуджаны на працэсе па «справе Сланскага» і пакараны. Клэмэнтыс падчас сьледзтва зламаўся, абгаварыў сябе і іншых. І гэты факт Гусак, несумненна, таксама ўлічваў, імкнучыся дабіцца таго, што не атрымалася яго настаўніку.

Наогул, у характары Гусака быў элемэнт мэсіянства. Я ў сваёй кнізе нават высоўваю такую гіпотэзу, што ён у юнацтве як бы перайшоў з адной веры ў іншую — ад каталіцызму, у якім быў выхаваны, да марксізму-ленінізму. Бога для яго замянілі «аб’ектыўныя законы гістарычнага разьвіцьця», каталіцкую царкву — камуністычная партыя і т. д.

— Гусак быў славакам, а чэска-славацкія дачыненьні, нягледзячы на наяўнасьць адзінай дзяржавы, далёка не заўсёды складваліся гладка. Як Гусак падыходзіў да гэтых праблемаў? Зразумела, што сталінісцкія абвінавачваньні ў нацыяналізьме — гэта палітычны ярлык, але... Можа, нешта за імі ўсё ж было?

— Гэта ярлык, але ён зыходзіў зь некаторых рэальных зьяў. Гусак яшчэ маладым чалавекам крытыкаваў ідэю «чехаславакізму», на якой была заснаваная міжваенны Чэхаславаччына, — уяўленьне аб тым, што чэхі і славакі — адзін народ. Гэтая канструкцыя была патрэбна для таго, каб у нейкага аднаго народу была сур’ёзная колькасная перавага, таму што тады ў Чэхаславаччыне жылі вельмі буйныя нацыянальныя меншасьці — нямецкая, вугорская, русінская.

Гусак яшчэ маладым чалавекам крытыкаваў ідэю «чехаславакізму», на якой была заснаваная міжваенны Чэхаславаччына, — уяўленьне аб тым, што чэхі і славакі — адзін народ

Дык вось Гусак з самага пачатку абараняў нацыянальную самабытнасьць славакаў, і ўжо ў часе вайны і пасьля яе выступаў за фэдэратыўны лад Чэхаславаччыны. Тады ў яго гэта не атрымалася — атрымалася нашмат пазьней, у 1969 годзе.

І гэта прынесла Гусаку палітычны капітал: у 60-я гады ён успрымаўся многімі як славацкі нацыянальны герой, а ягоныя турэмныя гады — як несправядлівае пакараньне за тое, што ён змагаўся за інтарэсы свайго народу.

Хоць для Гусака гэтыя інтарэсы сапраўды шмат значылі, яны ніколі не дамінавалі над партыйнай дысцыплінай. Ён заўсёды заставаўся адданым камуністам.

Цалкам інтэрвію чытайце ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG