Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп паабяцаў не наносіць удару па КНДР, пакуль ідуць перамовы


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Злучаныя Штаты ня будуць наносіць ваенны ўдар па КНДР прынамсі да таго часу, пакуль будзе працягвацца дыялёг паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Іна па выніках тэлефонных перамоваў двух лідэраў у сераду.

Трамп таксама заявіў, што і сам ён гатовы да перамоваў з Пхэньянам, гаворыцца ў паведамленьні.

Напярэдадні ў дэмілітарызаванай зоне паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй адбыліся першыя за два гады прамыя міжкарэйскага перамовы. Пасьля iх КНДР заявіла, што адправіць на зімовую Алімпіяду ў Паўднёвую Карэю спартоўцаў, групу падтрымкі і дэлегацыю высокапастаўленых чыноўнікаў. Чакаецца, што новы раўнд перамоваў пройдзе да канца студзеня.

У сераду прэзыдэнт Паўднёвай Карэі заявіў, што можа сустрэцца з лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам, калі будуць выкананыя «пэўныя ўмовы». «Я адкрыты для якой-хаця сустрэчы, але гэта не павінны быць перамовы дзеля перамоваў», — сказаў прэзыдэнт Паўднёвай Карэі.

Мун Чжэ Ін таксама падкрэсьліў, што да рашэньня мірным чынам пытаньня аб ядзерным раззбраеньні КНДР Паўднёвая Карэя працягне разам з сусьветнай супольнасьцю захоўваць санкцыі супраць Пхэньяну. Сэул можа часова зьняць санкцыі для палягчэньня прыезду дэлегацыі з КНДР на Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане.

Міжнародны алімпійскі камітэт у сераду паведаміў, што 20 студзеня прыме рашэньне, ці будуць дапушчаныя паўночнакарэйскія атлеты да Алімпіяды і на якіх умовах. Пхэньян заявіў аб гатоўнасьці адправіць сваіх атлетаў на Гульні толькі ў пачатку студзеня, калі ўсе тэрміны для гэтага фармальна прайшлі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG