Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі можа сустрэцца з Кім Чэн Ынам


Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін заявіў, што можа сустрэцца з лідэрам КНДР Кім Чэн Ынам, калі будуць выкананыя «пэўныя ўмовы». Пра гэта паўднёвакарэйскі прэзыдэнт заявіў у ходзе штогадовай прэс-канфэрэнцыі. Пры гэтым Мун Чжэ Ін не ўдакладніў, пра якія менавіта умовы ідзе гаворка. «Я адкрыты для любой сустрэчы, але гэта не павінны быць перамовы дзеля перамоваў», — сказаў прэзыдэнт Паўднёвай Карэі.

Паўднёвакарэйскае агенцтва «Ёнхап» паведамляе, што Сэул прыступіў да падрыхтоўкі перамоваў з Пхэньянам па вайсковых пытаньнях і мерах прадухіленьня інцыдэнтаў на мяжы дзьвюх дзяржаў. Пра намер абмеркаваць гэтыя пытаньні прадстаўнікі Паўднёвай і Паўночнай Карэяў дамовіліся напярэдадні, падчас перамоваў у дэмілітарызаванай зоне. Месца і час новай сустрэчы стане вядома на працягу двух тыдняў, паведамляе «Ёнхап».

Мун Чжэ Ін таксама падкрэсьліў, што да рашэньня мірным шляхам пытаньня аб ядзерным раззбраеньні КНДР Паўднёвая Карэя працягне разам з сусьветнай супольнасьцю захоўваць санкцыі супраць Пхэньяну. Сэул можа часова зьняць санкцыі для палягчэньня прыезду дэлегацыі з КНДР на Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане.

9 сьнежня ў памежнай вёсцы Пханмунджом адбыліся першыя за два гады наўпроставыя міжкарэйскія перамовы. Пасьля iх заканчэньня КНДР заявіла, што адправіць на Алімпіяду ў Паўднёвую Карэю спартоўцаў, групу падтрымкі і дэлегацыю высокапастаўленых чыноўнікаў. Прадстаўнік дэлегацыі Паўднёвай Карэі распавёў, што Сэул прапанаваў, каб дэлегацыі абедзьвюх краін прайшлі на Гульнях разам.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG