Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы гітарыст «Крамы» запісаў па-кітайску гіт гурту «Выпі са мной да дна». АЎДЫЁ


Ксяо Яо (зьлева), Ільля Шэўчык (у цэнтры) і Джэйсан
Ксяо Яо (зьлева), Ільля Шэўчык (у цэнтры) і Джэйсан

Гітарыст першага складу гурту «Крама» Ільля Шэўчык, які апошнія 15 гадоў жыве і працуе ў Кітаі, спрычыніўся да экспансіі беларускага року ў Паднябесную.

На пачатку 2018 году завершаны запіс і зьвядзеньне крамаўскага гіта «Выпі са мной да дна» па-кітайску. З адаптацыяй песьні дапамагалі музыкі Ксяо Яо (XIAO YAO) і Джэйсан (JASON). Зь першым Шэўчык жыве ў адным горадзе недалёка ад Ганконгу, другі — з вострава Хайнань. Кампазыцыю адправілі на атрыманьне патэнту, пасьля гэтага яе можна будзе выконваць на канцэртах.

Свабода стала першай, каму Ільля Шэўчык паказаў фінішны варыянт кампазыцыі. У гэтыя дні ён гасьцюе ў Менску — наведвае родных і сяброў, вырашае пашпартныя пытаньні.

Наўпроставы лінк

Кітайскі вэктар асобна ўзятага беларуса

Упершыню Ільля Шэўчык патрапіў у Кітай задоўга да таго, як кіраўніцтва Беларусі абвесьціла гэтую краіну стратэгічным партнэрам. У 2003 годзе са сваім новым блюз-рокавым праектам Mojo Blues, арганізаваным разам з ударнікам «Крамы» Сяргеем Кнышом і былым «сузор’еўцам» Аляксеем Казлоўскім, адпрацавалі там тры месяцы. А ўжо пад канец 2004-га вярнуўся туды самастойна — са 100 далярамі ў кішэні. Кажа, была ўнутраная вера, што ўсё атрымаецца. І не памыліўся.

Удзельнікі гурту «Крама», Ільля Шэўчык другі зьлева
Удзельнікі гурту «Крама», Ільля Шэўчык другі зьлева

Закантактаваў з прафэсійнымі артыстамі, якія выступалі ў разнастайных шоў. Зь іх дапамогай пачаў пазнаваць кітайскую культуру, вучыць песьні. Прызнаньне да беларуса прыйшло дастаткова хутка: у якасьці самастойнага артыста яго пачалі запрашаць на забаўляльныя імпрэзы, запісы тэлеканцэртаў. За апошнія 10 гадоў аб’ехаў практычна ўвесь Кітай. Спачатку жыў у шумным мэгаполісе Гуанчжоў, а пасьля атабарыўся ў Гуйліні, недалёка ад Ганконгу.

Маючы добрую ангельскую мову, налёг на вывучэньне кітайскай. Неўзабаве пераасэнсаваў рэпэртуар папулярнай у 1980-90-я ганконскай каманды Beyond, чым выклікаў яшчэ большую павагу публікі. Сёньня свабодна валодае агульнакітайскай (так званы «мандарын»), а сьпявае яшчэ і па-кантонску — на ёй размаўляюць у паўднёвых правінцыях.

Ільля Шэўчык на кітайскай сцэне
Ільля Шэўчык на кітайскай сцэне

Штуршком да экспэрымэнту з экспансіяй творчасьці «Крамы» стала інтэрвію на Свабодзе, якое ён даў год таму. Падчас абмеркаваньня на форуме і ў сацыяльных сетках паўстала ідэя «абкатаць» беларускі рок-н-рол на кітайскіх слухачах.

Шэўчык на кітайскіх афішах
Шэўчык на кітайскіх афішах

«Так, усё пачалося дакладна пасьля артыкулу, на рэалізацыю спатрэбіўся год, — усьміхаецца суразмоўца. — Я адразу ўсьвядоміў, што ажыцьцявіць праект цалкам рэальна. Адзінае, трэба было знайсьці людзей, каго ідэя таксама зацікавіла б. Якраз гэта запатрабавала часу — на ўзгадненьні пайшло амаль паўгода. Знайшоў аднаго, той парэкамэндаваў іншага. Бо спачатку думалі, што ўправімся ўдвох, але вырашылі папрацаваць шырэйшым складам».

Ксяо Яо і Джэйсан — дасьведчаныя выканаўцы, працуюць у фармаце internet singer. То бок запісваюць уласныя песьні і выкладаюць у кітайскае лякальнае сеціва — глябальныя рэсурсы ў краіне пад забаронай.

Каб зрабіць кавэр «Крамы», на некалькі дзён заселі ў прафэсійнай студыі гораду Лічжоў. Усе ўдзельнікі атрымалі аднолькавую магчымасьць вызначыцца вакальнымі здольнасьцямі — Ксяо Яо, Джэйсан і Шэўчык свае куплеты выканалі па чарзе. А паралельна яшчэ паўдзельнічалі ў фотасэсіі ў падтрымку сынглу.

«Зразумела, што давялося ўводзіць хлопцаў у курс справы, расказваць пра Беларусь, пра нашы культурныя традыцыі, — гаворыць Ільля Шэўчык. — Калі дайшлі да самой песьні, дакладна пераклаў зьмест, яны самі таго захацелі. Потым доўга раіліся і ўсё ж вырашылі крыху адкарэктаваць агульны сэнс, зрабіўшы песьню больш вясёлай. Рэфрэн „выпі са мной да дна“ застаўся бязь зьменаў, проста да яго яшчэ дадалі канцоўку „за сяброўства!“. Атрымаўся зусім застольны варыянт».

Агульныя тосты сяброўскіх кампаній

Ці характэрна для Кітаю культура бяседы ды ўжываньня алькагольных напояў у сяброўскай кампаніі? Ільля Шэўчык катэгарычны: гэта супэрхарактэрна!

Ільля Шэўчык
Ільля Шэўчык

«Магу сказаць, што п’юць яны нават больш за нас, — сьмяецца музыка. — Аматары бясед. Таму і песьня аказалася вельмі блізкай іх унутранай сутнасьці. Любяць вялікія кампаніі — балазе, у Кітаі сабраць народ не праблема. Скажам, калі беларусы могуць сядзець у бары і цягам вечара «высмактаць» кухаль ці два піва, то кітайцы набіраюць дзясяткамі і куляюць адзін за адным. Толькі і чуеш: gānbēi, gānbēi, gānbēi (干杯)! Што якраз і азначае — «да дна», «асушы келіх».

Якія чаканьні ў беларускага музыкі ад прэм’еры песьні, ці знойдзе, на ягоны погляд, кітаізаваны беларускі гіт водгук у шырокіх масах?

Ільля Шэўчык перад кітайскай публікай
Ільля Шэўчык перад кітайскай публікай

«Спадзяюся, што знойдзе, прынамсі ўсе неабходныя каноны вытрыманыя, — кажа ён. — Зь другога боку, ня трэба забывацца і пра пэўную гуманітарную місію, бо некаторыя слухачы нарэшце даведаюцца пра існаваньне такой краіны, як Беларусь. Упершыню беларуская рок-кампазыцыя адаптаваная пад тутэйшы фармат, зробленая і запісаная па-кітайску».

Ільля Шэўчык на кітайскіх афішах
Ільля Шэўчык на кітайскіх афішах

Для сяброў па «Краме» зьяўленьне адной зь песень у кітайскамоўным варыянце мусіць стаць сюрпрызам. Ні лідэр гурту Ігар Варашкевіч, ні іншы вэтэран-гітарыст, Сяргей Трухановіч, ні аўтар бальшыні раньніх тэкстаў калектыву Зьміцер Лукашук ацаніць экспэрымэнт Ільлі Шэўчыка яшчэ не пасьпелі.

«Неўзабаве абавязкова зь імі сустрэнуся, тады і паглядзім, як адрэагуюць, — дадае экс-крамавец. — Што да рэакцыі, то складана сказаць, прадказваць не бяруся. Бо можа быць і так, і так. Прынамсі я намагаўся максымальна захаваць стылістыку, але ясна, што ад мясцовага ўплыву цалкам адысьці таксама складана».

Ілья Шэўчык гаворыць, што выношвае задуму працягнуць працу і выпусьціць па-кітайску калі не паўнавартасны альбом, то хоць бы яшчэ некалькі рэчаў «Крамы». Але для пачатку трэба пераканацца, што дэбютны сынгл будзе ацэнены і запатрабаваны слухачамі.

Колішні гіт «Крамы» «Выпі са мной да дна» (аўдыё):

Усходні калярыт эўрапейскай клясыкі

Сам музыка за апошні год зьмяніў прыярытэты сваёй канцэртнай дзейнасьці на кітайскай сцэне. Удакладняе, што адмовіўся ад шоў з электроннай музыкай і вярнуўся да клясыкі — засяродзіўся на акустычным выкананьні блюзу, кантры, соўл.

«Наогул у Кітаі запатрабаваныя любыя музычныя жанры — людзі шмат працуюць і могуць сабе дазволіць годна адпачываць, — тлумачыць Ільля. — Вядома, сытуацыя ня ўсюды ідылічная. Але я жыву ў турыстычным месцы, куды зьяжджаюцца бавіць час як з самога Кітаю, так і з-за мяжы. Удзень госьці атрымліваюць асалоду ад навакольля (у Гуйліні сапраўды надзвычай прыгожая прырода, горы, рака), а ўвечары ідуць у клюбы».

Ягоная асабістая запатрабаванасьць у публікі вымусіла нават выбіраць паміж бізнэсам і творчасьцю. Некалькі гадоў таму Ільля Шэўчык набыў курорт у Камбоджы, але «разрывацца» на два фронты стала складана і курортам давялося ахвяраваць.

Ільля Шэўчык
Ільля Шэўчык

«Як той казаў, не пакаціла, — уздыхае ён. — Каб трымаць плянку на годным узроўні, трэба калі не пастаянна, то вельмі часта там бываць. Бо калі свой курорт, абавязкова нешта ламаецца, узьнікаюць нейкія праблемы. З аднаго боку, вытрымаць такі рэжым нерэальна, з другога — занадта шмат шыку: мора, сонца, прыгажосьць. Не гатовы яшчэ, каб асесьці ў раі. Таму цяпер займаюся толькі музыкай. І адчуваю сябе выдатна».

Ільля Шэўчык жанаты з кітаянкай. Летась плянаваў нарэшце паказаць ёй Беларусь, але з аб’ектыўных прычынаў ідэю давялося адкласьці. Сам на радзіму наведваецца ня надта часта — апошні раз быў больш за 2,5 года таму.

Ільля Шэўчык зь кітайскай жонкай
Ільля Шэўчык зь кітайскай жонкай

«Зьмены ёсьць, хоць не сказаць, што радыкальныя, — дзеліцца ён уражаньнямі. — Людзі добразычлівыя, хоць, можа, так здалося на кантрасьце з Масквой, празь якую ляцеў. Кідаецца ў вочы неверагодная колькасьць гіпэрмаркетаў, гандлёвых цэнтраў, якіх стала непараўнальна болей — нават ня ведаю, хто там атаварваецца. Прайшоўся, паглядзеў цэны — прыблізна як у Кітаі. Адзінае, што заробкі кітайцаў сёньня куды вышэйшыя за беларускія... Ну і зімы ў Беларусі няма, таксама неспадзяванка...»

***

Рок-гурт «Крама» ўзьнік у 1991 годзе, яго касьцяком сталі музыкі каманды «Рокіс»: Ігар Варашкевіч (вакал, гітара, губны гармонік), Сяргей Трухановіч (гітара), Ільля Шэўчык (гітара), Руслан Праўда (бас-гітара), Анатоль Горбач (бубны), Андрэй Белізяк (гукарэжысэр), Зьміцер Лукашук (тэксты).

Ужо на наступны год калектыў стаў пераможцам рок-фэстывалю «Басовішча-92» у Польшчы, а ў 1994-м здарыўся трыюмф гурту на «Рок-каранацыі» ў катэгорыі «Найлепшы гурт». Тады ж было першае месца на маскоўскім рок-фэстывалі «Пакаленьне-94», а Трухановіча прызналі найлепшым гітарыстам форуму.

Адзначэньне крамаўскага юбілею ў лістападзе 2016 году
Адзначэньне крамаўскага юбілею ў лістападзе 2016 году

Нягледзячы на канцэртную актыўнасьць і гітовыя альбомы, склад калектыву пэрманэнтна зьмяняўся. Музыкі шукалі прымяненьне сваім здольнасьцям, у тым ліку за мяжой. Зьехаў у Бэльгію Анатоль Горбач, яшчэ далей закінуў лёс Ільлю Шэўчыка — у Кітай.

***

4 сакавіка "Крама" запрашае на свой першы вялікі канцэрт у 2018 годзе. Выступ калектыву адбудзецца ў менскай рэстарацыі-піваварні "Друзья".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG