Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Belarus, а не Wit-Rusland. Што раяць галяндзкім прадпрымальнікам наконт кантактаў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. На менскім чыгуначным вакзале ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота. На менскім чыгуначным вакзале ©Shutterstock

Парады на тэму, што можна і чаго лепш не рабіць у Беларусі, зьмешчаныя на сайце Нацыянальнага прадпрымальніцтва Нідэрляндаў, якое дапамагае галяндзкім бізнэсоўцам субсыдыямі, дзелавымі партнэрамі, а таксама нарматыўнымі ведамі.

Do’s-and-Don’ts in Belarus

У зьмешчаным на сайце артыкуле Do’s-and-Don’ts in Belarus даюцца так званыя азы ведаў пра Беларусь, яе людзей і культуру, дэталі прапануецца шукаць на іншых адмысловых сайтах.

Belarus, а не Wit-Rusland

Галоўная парада — ведаць, што афіцыйная назва краіны, якую ў Нідэрляндах прынята называць Wit-Rusland, усё ж Беларусь. Так яе і трэба называць па-галяндзку. Беларуская сталіца — горад Менск. Насельніцтва краіны пераважна гарадзкое. Асабістыя стасункі тут адыгрываюць вельмі важную ролю.

Ілюстрацыйнае фота. Людзі на вуліцах Менску
Ілюстрацыйнае фота. Людзі на вуліцах Менску

Мова

Афіцыйнымі мовамі ў Беларусі зьяўляюцца дзьве: расейская і беларуская, якая ў ХIV-XVII стагодзьдзях лічылася галоўнай lingua franca для ўсіх, хто насяляў Вялікае Княства Літоўскае. Сёньня большасьць жыхароў Беларусі размаўляе па-расейску. Гэтай мове аддае перавагу і беларускі прэзыдэнт, бо «кожны ў краіне ведае гэтую мову». Тым ня менш дарожныя знакі, а таксама інфармацыя ў грамадзкім транспарце ды цягніках даецца па-беларуску. Ёсьць у краіне невялікая група, пераважна студэнты, якая хутка расьце і карыстаецца беларускай. Але ж парада галяндзкім прадпрымальнікам наступная: калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, то лепш размаўляць па-расейску. Калі вы паспрабуеце па-беларуску, то ня выключана, што гэта выкліча блытаніну.

Перамовы

Дзелавыя перамовы, па сутнасьці, фармальныя і сьціплыя. Бярыце з сабой на іх перакладчыка, а самі падчас іх наладжвайце візуальны кантакт. Бізнэс-дачыненьні, як правіла, грунтуюцца на даверы і нярэдка ўзьнікаюць падчас абедаў ды вячэраў.

Камунікацыя

Да пажылых людзей лепш зьвяртацца па імі і імі па бацьку. Да такіх дзелавых партнэраў можна зьвяртацца па імі, толькі калі яны самі гэта прапануюць. Інакш такі зварот можа быць успрыняты як непрыязны і вы адчуеце нэгатыўную рэакцыю.

Герархія

Вядзеньне бізнэсу ў Беларусі бюракратычнае, герархічнае і займае шмат часу. З большай адказнасьцю людзі прымаюць канчатковае рашэньне ў кампаніі.

Прадукты харчаваньня і напоі

На беларускую кухню паўплывала кухня суседніх краін, такіх як Польшча, Расея, Украіна і Літва. Народ Беларусі ўжывае шмат хлеба і малочных прадуктаў, у тым ліку ёгурту, тварагу, кефіру і сьмятаны. Беларусы п’юць у асноўным каву, гарбату і піва.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Карпаратыўныя падарункі

Дзелавыя падарункі не прынятыя. Ня трэба дарыць дарагія рэчы, бо гэта будзе выглядаць як хабар для партнэра.

Бізнэс і прыватнае

Дзелавыя стасункі грунтуюцца на даверы і неабходныя для пасьпяховага завяршэньня пагадненьня. Беларусы падзяляюць бізнэс і прыватнае. Задаваць нейкія асабістыя пытаньні падчас дзелавых сустрэч недарэчна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG