Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былыя супрацоўнікі абвінавацілі Google у дыскрымінацыі белых кансэрватараў


Былыя супрацоўнікі Google Джэймс Дэймар і Дэйвід Гудмэн падалі пазоў да былых працадаўцаў. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters. Дэймар і Гудмэн абвінавацілі кампанію ў дыскрымінацыі супрацоўнікаў па колеры скуры і за кансэрватыўныя палітычныя погляды.

Пазоўнікі, у прыватнасьці, патрабуюць ад Google кампэнсацыю за незаконнае, на іх думку, звальненьне. Акрамя таго, паводле іх словаў, яны хочуць дамагчыся ад кампаніі спыненьня «палітыкі дыскрымінацыі» ў дачыненьні да работнікаў кансэрватыўных поглядаў. У тым ліку тых, хто падтрымлівае палітыку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

У пазове таксама згадваецца, што ў Google ёсьць нейкі сакрэтны «чорны сьпіс», у які занесены прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі з кансэрватыўнымі поглядамі, адзначае Reuters.

У Google пацьвердзілі інфармацыю пра пазоў з боку былых супрацоўнікаў. Прадстаўнік кампаніі таксама заявіў, што Google з «нецярпеньнем чакае» пачатку судовага паседжаньня, каб адказаць на ўсе пытаньні пазоўнікаў.

Дэймара звольнілі з карпарацыі ў мінулым годзе за распаўсюд сярод супрацоўнікаў маніфэсту супраць раўнапраўя мужчын і жанчын у IT-галіне. У ім гаварылася аб «біялягічных адрозьненьнях» паміж мужчынамі і жанчынамі, якія замінаюць апошнім працаваць у тэхналягічных карпарацыях. У Google заяву Дэймара расцанілі як праяву гендэрных стэрэатыпаў, якія не адпавядаюць прынцыпам карпарацыі.

Гудмэна звольнілі ў снежні 2016 пасьля спрэчкі на ўнутраным форуме Google з калегам-мусульманінам. У кампаніі паведамілі, што звольнены супрацоўнік абвінаваціў калегу ў тэрарызме на аснове рэлігіі.

XS
SM
MD
LG