Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфан Эрыксан атрымаў візу, каб наведаць Беларусь упершыню з 2012 году


Стэфан Эрыксан у ролі дырэктара офісу Рады міністраў паўночных краін у Рызе

Былы амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан наведвае Менск з прыватным візытам.

Стэфан Эрыксан, які цяпер кіруе офісам Рады міністраў паўночных краін у Рызе, прыехаў у Беларусь упершыню пасьля скандалу з «плюшавым дэсантам».

Музыка і сябар швэдзкага дыплямата Зьміцер Вайцюшкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што Стэфан Эрыксан, які мог скарыстацца 5-дзённым бязьвізавым рэжымам, усё ж атрымаў візу на пяць дзён у беларускай амбасадзе ў Латвіі. Цяперашні візыт Эрыксана прыватны.

Зьміцер Вайцюшкевіч
Зьміцер Вайцюшкевіч

«Гэта быў прыватны прыезд да нас у госьці, ён хросны нашых дзетак і даўно хацеў прыехаць, але толькі цяпер атрымалася. Учора ён быў на маім калядным канцэрце, а сёньня вяртаецца ў Латвію праз хутар Вайцюшкі, які знаходзіцца на Нёмне. Але абяцаў неўзабаве вярнуцца, — сказаў Свабодзе Зьміцер Вайцюшкевіч. — Ён задаволены і ўзрушаны пасьля такога доўга перапынку, і яму тут вельмі падабаецца. Менск яго ўразіў. І праз Браслаўшчыну ехаў, таксама яму спадабаліся нашы пэйзажы і дарогі».

Стэфан Эрыксан быў амбасадарам Швэцыі ў Беларусі ад чэрвеня 2008 да жніўня 2012 году. Ад верасьня 2005 году ён кіраваў менскім аддзяленьнем амбасады Швэцыі ў Расеі.

1 жніўня 2012 году ўлады Беларусі не працягнулі яму акрэдытацыю, абвінаваціўшы ў дэструктыўнай дзейнасьці.

4 ліпеня 2012 году аднаматорны самалёт, якім кіравалі супрацоўнікі швэдзкай PR-кампаніі Studio Total, несанкцыянавана перасёк паветраную мяжу Беларусі. Ён скінуў над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 плюшавых медзьведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

За сваю дыпляматычную працу ў Менску Стэфан Эрыксан уганараваны міжнароднай прэміяй імя Марка Палмэра. Швэд добра ведае беларускую мову.

Стэфан Эрыксан пра тое, як падтрымлівае валоданьне беларускай мовай

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG