Найлепшай драмай прызнаная стужка «Тры білборды на мяжы Эбінгу, Місуры» Мартына Макдонаха. Таксама фільм атрымаў узнагароды за найлепшы сцэнар, найлепшыя жаночую і мужчынскую ролі другога пляну.
Гэры Олдмэн стаў найлепшым драматычным акторам за ролю Ўінстана Чэрчыля ў фільме «Цёмныя часы».
Прыз у намінацыі «Найлепшы рэжысэр» атрымаў Гільлерма дэль Тора за стужку «Форма вады».
«Залаты глёбус» у намінацыі «Найлепшы драматычны сэрыял» заваяваў «Аповед служкі». Выканаўца галоўнай ролі Элізабэт Мос стала найлепшай актрысай у драматычным сэрыяле.
У намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове» перамогу атрымала карціна «На мяжы» сумеснай вытворчасьці Нямеччыны і Францыі.
Яшчэ напярэдадні цырымоніі некаторыя амэрыканскія актрысы заявілі, што прыйдуць на цырымонію ўручэньня «Залатога глёбуса» ў чорных строях — на знак пратэсту супраць сэксуальнага гвалту ў кінаіндустрыі.
Апошнія месяцы ЗША сталі эпіцэнтрам скандалу, зьвязанага з сэксуальнымі дамаганьнямі. Блізу 300 чалавек — актрысы тэатру і кіно, супрацоўнікі кінаіндустрыі і тэлебачаньня — заснавалі рух «Time’s Up» («Час сышоў»), у рамках якога маюць намер змагацца з сэксуальным гвалтам і дыскрымінацыяй.