Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, якія цытуе БЕЛТА, «мы пражылі вельмі складаны год».
«Але галоўная ўсеагульная падзея гэтага года — што нам, як мы і марылі год таму (я ў тым ліку, стоячы тут, казаў пра гэта), атрымалася пераадолець нэгатыўныя тэндэнцыі ў нашай эканоміцы, і гэта адразу паўплывала на ўсё наша грамадзтва», — заявіў кіраўнік краіны.
7 студзеня, у дзень калі праваслаўная і грэка-каталіцкая царква адзначаюць сьвята Раства, Аляксандр Лукашэнка наведаў Сьвята-Духаў катэдральны сабор у Менску. Паведамляецца, што ён перадаў у дар Беларускай праваслаўнай царкве абраз Божага Нараджэньня, створаны ў тэхніцы васковай тэмпэры. Іканаграфія блізкая Полацкай фрэсцы і традыцыйная для беларускай школы іканапісу XII стагоддзя.
Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Павел падарыў Аляксандру Лукашэнку абраз «Збаўца», прывезены ім з Ерусаліма і асьвечаны на Труне Госпада.