Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 гады таму ў Парыжы расстралялі рэдакцыю выданьня «Шарлі Эбдо». Тады загінулі 12 чалавек


Рэдакцыя хавае сваё месца знаходжаньня ўвесь гэты час і вытрачвае палову прыбыткаў на бясьпеку.

7 студзеня 2015 тэрарысты-ісламісты Саід і Шэрыф Куашы расстралялі рэдакцыю францускага сатырычнага штотыднёвіка «Шарлі Эбдо». Сёньня гэта выданьне — ужо ня сымбаль яднаньня Францыі, а лінія, па якой расколатае грамадзтва. Права на свабоду слова ўсё часьцей ставіцца пад пытаньне, а «Шарлі» даводзіцца выдаткоўваць больш за палову прыбытку на бясьпеку.

Пры нападзе загінула 12 чалавек, у тым ліку 8 членаў рэдакцыі. За гэтым тэрактам адбыліся яшчэ два: забойства супрацоўніцы паліцыі 8 студзеня і расстрэл 4 закладнікаў у супэрмаркеце Hypercasher 9 студзеня іншым тэрарыстам — Амэдам Кулібалі.

Тэракты выклікалі беспрэцэдэнтную хвалю салідарнасьці з ахвярамі ў францускім грамадзтве. 10 і 11 студзеня 2015 года на рэспубліканскія маршы ў абарону свабоды слова і каштоўнасьцяў рэспублікі спантанна выйшлі больш за 4 мільёны французаў. Гэтыя маршы сталі самай маштабнай маніфэстацыяй ва ўсёй гісторыі Францыі. Хэштэг #jesuischarlie («Я — Шарлі») выйшаў далёка за межы Францыі.

Марш салідарнасьці ў Парыжы 11 студзеня 2015
Марш салідарнасьці ў Парыжы 11 студзеня 2015

Аднак вельмі хутка — як у Францыі, так і за мяжой — зноў загучалі галасы, якія сьцвярджаюць, што гвалт — гэта, вядома, дрэнна, але што «Шарлі» заходзіць занадта далёка, абражае пачуцьці вернікаў і цэлых народаў, блюзьнерыць, публікуе непрыстойнасьці і таму заслугоўвае сваёй долі і нарываецца на новыя непрыемнасьці.

На «Шарлі» зноў пакрыўджаныя многія мусульмане. А яшчэ гішпанцы — пасьля карыкатур пра тэракт у Барсэлёне. Расейцы, абураныя малюнкамі пра крушэньні расійскіх лайнэраў. І многія іншыя, хто стаў аб’ектам едкай сатыры выданьня. У адрас штотыднёвіка працягваюць паступаць шматлікія пагрозы. Апошнія тры гады ён існуе фактычна ў падпольных умовах, выдаткоўваючы калясальныя грошы на сваю бясьпеку.

6 сьнежня, напярэдадні афіцыйных мэмарыяльных мерапрыемстваў, у парыскім тэатры Фолі Бэржэр адбылася канфэрэнцыя «Усё яшчэ Шарлі: памятаць і змагацца». Удзел у ёй прынялі супрацоўнікі газэты, палітыкі, журналісты, актывісты грамадзянскай супольнасьці. Яны казалі пра тое, што значыць «быць Шарлі» сёньня — праз тры гады пасьля тэрактаў.

З сымбалю яднаньня нацыі «Шарлі» з часам ператварыўся ў адну з ліній расколу францускага грамадзтва. Кажучы схематычна, «Шарлі» — гэта тыя, хто патрабуе строгага захаваньня прынцыпу сьвецкасьці дзяржавы, хто лічыць блюзьнерства часткай свабоды слова і хто просіць не блытаць крытыку рэлігій, якая цалкам дарэчная і заканамерная, і расізм, які непрымальны. Да «анты-Шарлі», у сваю чаргу, можна аднесьці ўсіх тых, хто лічыць, што газэта заходзіць занадта далёка ў сваіх карыкатурах, што свабода слова не павінна абражаць пачуцьці вернікаў і што рэлігійныя абшчыны маюць права патрабаваць ад дзяржавы павагі іх адмысловых правоў.

У першую чаргу крытыка «Шарлі» і розныя патрабаваньні зыходзяць ад прадстаўнікоў ісламу, бо менавіта яны найбольш адчувальныя ў Францыі да «абразьлівых», на іх думку, малюнкаў і дзеяньняў. Аднак трэба сказаць, што «Шарлі» ў сваіх публікацыях ня літасьцівы ані да воднай рэлігіі.

Мітынг праціўнікаў «Шарлі Эбдо» ў Іране
Мітынг праціўнікаў «Шарлі Эбдо» ў Іране

Паводле вынікаў апытаньня, прадстаўленых на канфэрэнцыі інстытутам IFOP, на сёньня 61% апытаных французаў па-ранейшаму лічаць сябе «Шарлі». У студзені 2016 такіх было 71%.

Для тых, хто па-ранейшаму падтрымлівае сатырычны штотыднёвік, быць «Шарлі» азначае, у першую чаргу, патрабаваць гарантый поўнай свабоды слова. Вось што заявіў філёзаф Рафаэль Энтховен:

«Важна разумець розьніцу паміж падтрымліваць «Шарлі» і любіць гэтае выданьне. Вельмі па-дурному казаць: «Я — не Шарлі», таму што вам не падабаюцца іх публікацыі. Бо каб падтрымліваць «Шарлі», зусім не абавязкова падпісацца на гэтую газету, шанаваць яе ці нават чытаць. Важна ня тое, што прадстаўлена ў «Шарлі», а тое — што «Шарлі» сабой уяўляе».

Для Іны Шаўчэнкі, актывісткі руху Femen, якая пражывае ў Францыі, «Шарлі» — гэта больш, чым газэта. Гэта вобраз думкі: «Спытаеце мяне: хто ўвасабляе сьмеласьць, і я адкажу — «Шарлі». Што такое сапраўднае годнасьць — «Шарлі». Што такое свабода — быць «Шарлі». Мы, фэміністкі, тут, каб заявіць што мы заўсёды былі і заўсёды будзем «Шарлі». І на іх, і на нас часта нападаюць, кажучы, што мы кагосьці абражаем нашымі паводзінамі, нашымі жартамі, нашым гумарам. Але я паўтараю зноў і зноў: няма такога права — не адчуваць сябе пакрыўджаным, тады як права на свабоду слова — гэта адно з галоўных правоў асобы.

Нам часта заяўляюць, што ў свабоды слова павінны мець межы. Што неабмежаваная свабода слова шкодная і небясьпечная для грамадзтва. Я ведаю шмат краін, дзе людзі пакутуюць ад уціску свабоды слова. Але ці можаце вы назваць хоць адну краіну, чые грамадзяне пакутуюць ад лішку свабоды слова? Не, гэта немагчыма сабе ўявіць!».

Галоўны рэдактар «Шарлі» Жэрар Біяр нагадаў аб экстрэмальных умовах, у якіх існуе газэта апошнія тры гады. Яны апісаны ў апошнім нумары выданьня, якое выйшла пад загалоўкам «Тры гады ў кансэрвнай бляшанцы».

Адрас рэдакцыі трымаецца ў сакрэце, уваход у яе абаронены браніраванымі дзьвярыма. Усе асноўныя журналісты суправаджаюцца аховай, ахоўваецца і будынак рэдакцыі. Гэта каштуе выданьню велізарных грошай. Сябры рэдакцыі ня маюць нармальнага сацыяльнага жыцьця і жывуць у пастаянным страху за сябе і сваіх блізкіх.

Журналісты былі вельмі напалоханыя, калі «памагатыя Пуціна», піша газэта, апублікавалі ў сетцы асабістыя дадзеныя, адрас і плян дома аднаго зь яе супрацоўнікаў. Дарэчы, менавіта з Расеі ў рэдакцыю прыходзіць найбольш лістоў з «больш ці менш нязграбнымі спробамі» выведаць асабістыя электронныя адрасы супрацоўнікаў і адрас рэдакцыі. Улічваючы ўсю крытыку, якую «Шарлі» зазнае ў Расіі, гэтыя лісты ў рэдакцыі ўспрымаюць не як праяву ветлівай цікаўнасьці, а як спробы ўзлому базы дадзеных або падрыхтоўкі нападу.

Усё гэта сьведчыць аб тым, што для свабоды слова наступілі ня лепшыя часы, лічыць Біяр:

«Шарлі» — гэта сатырычны штотыднёвік, які выказвае свае меркаваньні па шэрагу пытаньняў. Сатыра не павiнна ўсім падабацца, і зь любым меркаваньнем можна паспрачацца. Аднак ніхто не мае права страляць у нас, пагражаць нам расправай ці сьцьвярджаць, што мы атрымалі па заслугах, таму што недастаткова паважлівыя. Ці нармальна, што ў мірны час, у дэмакратычнай краіне газэта павінна аддаваць больш за палову сваіх даходаў на бясьпеку і жыць у ваенных умовах? Ці можна казаць пра тое, што свабода слова сапраўды існуе? Пытаньне я хачу задаць усім тым журналістам і аглядальнікам, якія, ведаючы пра наша становішча, выбіраюць развагі пра дрэнны густ і межы сатыры».

На думку «Шарлі» і яго прыхільнікаў, у гэтай недапушчальнай сытуацыі ёсьць доля віны францускай дзяржавы і ўсіх тых палітыкаў і СМІ, якія пастаянна абвінавачваюць іх у «падліваньні алею ў агонь». Пра гэта разважае Рафаэль Энтховен:

«Ва ўсіх гэтых «міратворцаў», якія пастаянна просяць не падліваць алею ў агонь, «асабліва ў такі момант», я хачу спытаць — а калі наступіць той момант, калі мы зможам пасьмяяцца адно над адным? Тады, калі ў грамадзтве запануюць поўны мір і супакой? Але гэты момант ніколі не наступіць! І гэтыя людзі выдатна пра гэта ведаюць. Гэта значыць, яны сьвядома спрабуюць прымусіць навечна адмовіцца ад усіх балючых тэм і ўвесьці пажыцьцёвую цэнзуру. І самае галоўнае — яны забываюцца, што праблема — гэта агонь, а не алей!».

Аб пытаньні суадносін свабоды слова і рэлігій казаў генэральны сакратар арганізацыі «Рэпарцёры без межаў» Крыстоф Делюар, які выступаў на канфэрэнцыі:

«У Савеце па правах чалавека ААН дзесяць гадоў ішлі вельмі жорсткія дэбаты аб дыфамацыі рэлігій. Арганізацыя Ісламскай Канферэнцыі вельмі настойліва дамагалася ўвядзеньня ў заканадаўчыя тэксты аб правах чалавека артыкула супраць дыфамацыі рэлігій. Усе дэмакратычныя дзяржавы ўсяляк пазьбягаюць вяртаньня да гэтай тэмы, паколькі ёсьць рэальная рызыка, што яны не выстаяць пад націскам магутнага рэлігійнага лобі. Таму я заклікаю ўсе дзяржавы праявіць цьвёрдасьць у гэтым пытаньні і не паддавацца ціску з боку прадстаўнікоў культаў, каб захаваць незалежнасьць нашых дэмакратый ад рэлігійных ідэалёгій».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG