Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запарожцы нясуць цацкі да храмаў пасьля адмовы адпяваць дзіця з царквы іншага патрыярхату. ФОТА


Запарожцы далучыліся да акцыі #принесиляльку, ініцыяванай выхадцам з Запарожжа блогерам Юрыем Гудыменкам, які заклікаў ўкраінцаў прыносіць цацкі пад сьцены храмаў Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату.

Акцыя пачалася пасьля таго, як прадстаўнікі Ўкраінскай Праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату адмовіліся адпяваць двухгадовага загінулага хлопчыка, які быў ахрышчаны ва Ўкраінскай Праваслаўнай царкве Кіеўскага патрыярхату.

Запарожцы, якія далучыліся да акцыі, прыносяць цацкі ў розныя храмы УПЦ МП у горадзе і выкладваюць фатаграфіі з імі ў сацсеткі. Адзін з удзельнікаў акцыі Віктар Крываносаў распавёў Радыё Свабода, што ён абураны паводзінамі сьвятароў і адзначыў, што ён «ведаў аб іх абсалютна неадэкватнай пазыцыі адносна іншаверцаў і раней, але гэты выпадак проста абуральны па сваёй ганебнасьці».

Яшчэ адзін удзельнік акцыі Аляксей Масейка адзначыў, што меў на мэце падтрымаць бацькоў загінулага хлопчыка:

«Учынак сьвятара Маскоўскага патрыярхату — бесчалавечны і антыгуманны. Хацеў падтрымаць бацькоў у гэтую цяжкую хвіліну — мы на іх баку. Лічу, што калі маскоўская царква існуе на нашай зямлі, то яна павінна выконваць і законы нашай дзяржавы, і прынятага ў грамадзтве маральна-этычнага кодэксу».

4 студзеня запароскі сайт «Фарпост» паведаміў, што сьвятар УПЦ МП, запрошаны рытуальнай службай, адмовіўся правесьці абрад адпяваньня двухгадовага хлопчыка, які загінуў вечарам 31 сьнежня ў выніку падзеньня на яго 39-гадовага мужчыны, які зрабіў самагубства выскачыўшы з акна шматпавярховіка.

Прадстаўнік царквы, нягледзячы на просьбы бацькоў, адмовіўся правесьці рытуал пасьля таго, як даведаўся, што дзіця хрысьцілі ў царкве УПЦ КП. Пасьля гэтага бацькі загінулага дзіцяці зьвярнуліся да бліжэйшай царквы, якая таксама адносіцца да УПЦ Маскоўскага патрыярхату, і атрымалі яшчэ адну адмову ў правядзеньні адпяваньне. Пасьля на пахаваньне прыехаў сьвятар УПЦ Кіеўскага патрыярхату, які і правёў рытуал.

5 студзеня падчас сваёй прэс-канфэрэнцыі мітрапаліт Запароскі і Мелітопальскі УПЦ МП Лука паведаміў, што сьвятар, які адмовіўся адпяваць загінулага хлопчыка, дзейнічаў паводле царкоўнага канону. Прадстаўнікі УПЦ МП называюць УПЦ КП «раскольнікамі», таму не прызнаюць праведзены тымі абрад хрышчэньня і далучэньне чалавека да царквы.

«Бацюшка таксама расплакаўся. Чаму? Таму што дзіця было нехрышчонае. Яно не было членам царквы. Паводле канонаў ні адзін, ні другі сьвятар ня мелі права яго адпяваць, таму ніякіх кананічных парушэньняў сьвятар не зрабіў. Я заклікаю ўсіх і благаслаўляю сьвятарства ўсёй нашай япархіі келейна, не падчас сьвятой літургіі, а келейна маліцца за трагічна загінулага хлопчыка Яўгена.

У памяць аб Яўгену прашу прыносіць у храмы лялькі, цукеркі — мы іх раздамо ў дзіцячыя дамы, у малазабясьпечаныя сем’і. То бок, гэта добрая хрысьціянская традыцыя. Што рабіць родным, калі іх блізкі быў няхрышчаны? Нам часта задаюць гэтае пытаньне. І сьвятар раіць: мы ня можам маліцца на літургіі, можам маліцца келейна і тварыць добрыя справы», — заявіў мітрапаліт Лука.

У прэс-службе ж Запароскай япархіі УПЦ КП у сваю чаргу паведамілі, што ва ўсіх храмах япархіі будзе праведзенае паводле распараджэньня мясцовага біскупа Фоція памінальнае набажэнства за душу загінулага дзіцяці.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG