Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцыя хоча вырашыць сёлета спрэчку вакол назвы «Македонія»


Ілюстрацыйнае фота. Македонскі сьцяг
Ілюстрацыйнае фота. Македонскі сьцяг

У Міністэрстве замежных справаў Грэцыі заявілі пра жаданьне ўрэгуляваць у 2018 годзе шматгадовую спрэчку вакол назвы «Македонія», на якую прэтэндуюць як балканская краіна, так і паўночная правінцыя Грэцыі.

«Думаю, што 2018-ы стане годам, калі пытаньні замежнай палітыкі, якія былі заплямленыя на працягу дзесяцігодзьдзяў, вырашацца. Мы будзем прыкладаць намаганьні для садзейнічаньня дабрабыту на ўсіх Балканах», — заявіў міністар замежных справаў Нікас Кадзыяс 4 студзеня.

Ён дадаў, што ўрад вядзе перамовы і падтрымае найлепшую з назваў для «ўсебаковага яе выкарыстаньня», не ўдакладніўшы, пра якую ідзе гаворка.

Гэтая спрэчка на працягу многіх гадоў стварае перашкоды для спробаў Македоніі далучыцца да Эўрапейскага зьвязу і NATO. Новая кіроўная кааліцыя ў Скоп’і, якую ўзначальваюць сацыял-дэмакраты, таксама заявіла пра жаданьне вырашыць канфлікт.

Прэм’ер-міністры Грэцыі і Македоніі Алексіс Цыпрас і Зоран Заэў абмеркавалі гэтае пытаньне праз тэлефон 2 студзеня. Заэў таксама наведаў Салёнікі ў грэцкай Македоніі 30 сьнежня і сустрэўся з мэрам гораду.

NATO мае аднавіць дыскусію аб запрашэньні Македоніі далучыцца да альянсу ў чэрвені, пасьля таго як Грэцыя наклала вэта на яе заяўку ў 2008 годзе.

Атэны шмат гадоў блякавалі заяўкі Македоніі на ўваход у ЭЗ і ў заходні вайсковы альянс, сьцьвярджаючы, што называцца Македоніяй ня могуць адначасова дзьве тэрыторыі — краіна і правінцыя. Акрамя таго, Атэны таксама заяўляюць, што, прэтэндуючы на гэтую назву, Македонія прысвойвае частку старажытнай гісторыі Грэцыі.

Атэны пагадзіліся называць балканскую краіну «былой югаслаўскай рэспублікай Македоніяй» на міжнародных пляцоўках як часовы захад да вырашэньня спрэчкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG