Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакаты Трампа патрабуюць спыніць публікацыю кнігі пра Белы дом


Дональд Трамп і Стыў Бэнан у Вашынгтоне 22 студзеня 2017 году.

Адвакаты прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа запатрабавалі ад Майкла Ўолфа, аўтара кнігі «Агонь і лютасьць: усярэдзіне Белага дому Трампа», і выдавецтва Henry Holt and Co., якое мае намер выпусьціць гэтую кнігу ў продаж, неадкладна адмовіцца ад публікацыі кнігі. Пра гэта піша амэрыканскае выданьне The Washington Post. Паведамляецца, што адвакаты пагражаюць аўтару і выдаўцам пазовам аб паклёпе.

«Агонь і лютасьць» апавядае аб першым годзе прэзыдэнцтва Дональда Трампа, апісваючы няпростыя ўзаемаадносіны паміж супрацоўнікамі адміністрацыі. Аўтар выкарыстаў інтэрвію, якія яму далі каля 200 чалавек, якія ў розны час супрацоўнічалі з Трампам.

Выхад кнігі заплянаваны на 9 студзеня, аднак на гэтым тыдні ў прэсе зьявіліся цытаты з яе, якія выклікалі палітычны скандал з удзелам самога прэзыдэнта. Гаворка перш за ўсё пра выказваньні яго былога дарадцы Стыва Бэнана, які у інтэрвію для кнігі назваў «здрадніцкай» і «непатрыятычнай» сустрэчу сына будучага прэзыдэнта ЗША з расейскімі лабістамі, якія нібыта мелі кампрамат на Гілары Клінтан, суперніцу Трампа па перадвыбарнай гонцы. Гэтая сустрэча падчас перадвыбарчай кампаніі 2016 году стала прадметам цікавасьці спэцыяльнага пракурора Робэрта Мюлера, які расьсьледуе магчымыя сувязі каманды Трампа з Расеяй.

Белы Дом у сераду распаўсюдзіў заяву ад імя Трампа, у якой прэзыдэнт заявіў, што ягоны былы дарадца «страціў розум». Стыў Бэнан у чацьвер заявіў, што па-ранейшаму лічыць сябе прыхільнікам Трампа, ахарактарызаваўшы таго як «выдатнага чалавека».

XS
SM
MD
LG