Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як журналіст з Галяндыі шукаў у Беларусі прыкметы дыктатуры


Ілюстрацыйнае фота. Менскі АМАП арыштоўвае ўдзельніка пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. 26 сакавіка 2017 году

«Гуляючы па Менску, — піша журналіст галяндзкага выданьня Reformatorisch Dagblad​ Міхіл Дрыбэрген, — я задаю сабе пытаньне: вось Беларусь прынята лічыць апошняй дыктатурай у Эўропе, але як гэта можна заўважыць?».

Прывабныя асаблівасьці беларускай сталіцы

Журналіст выданьня Reformatorisch Dagblad Міхіл Дрыберген (Michiel Driebergen) піша пра сваю паездку ў Менск.

«Падчас маёй апошняй паездкі ў Беларусь мяне не цікавіць палітыка. Мае мэта — наведаньне новага прамысловага комплексу, нататкі пра прадпрымальнікаў і турыстычны патэнцыял беларускай сталіцы.

Нягледзячы на тое, што на пачатку 2017 году Беларусь адмяніла візы для грамадзянаў ЭЗ і ў тым жа Менску можна знаходзіцца пяць дзён без адпаведнай візавай адзнакі, турыстаў з Эўропы ў гэтым горадзе няшмат. Мала хто вырашыў падарожнічаць у гэтую постсавецкую краіну.

Той, хто ўсё ж адважыўся зрабіць такі шлях, пераконваецца: беларуская сталіца мае прывабныя асаблівасьці. Калі спытацца ў менчукоў пра іх горад ды краіну, лёгка зразумець, што яны любяць Менск ды Беларусь і ганарацца імі. Яны могуць увесь час расказваць вам цудоўную гісторыю свайго краю і прыроду, яе глыбокія блакітныя азёры. Для іх дыктатура — нешта само сабой зразумелае», — піша журналіст.

Праграмісты могуць займацца сваім бізнэсам

«Тое ж самае тычыцца і групы айцішнікаў, якая з кожным годам расьце і чые прадстаўнікі часта ня ведаюць нічога, апроч сваёй справы. Прэзыдэнт Лукашэнка пры ўладзе ўжо 23 гады, а праграмісты могуць свабодна займацца сваім бізнэсам. Гарадзкія падвалы пераўтвараюцца ў прастору, дзе можна займацца вынаходніцтвам, праграмаваньнем і атрымліваць ад гэтага асалоду», — піша аўтар.

«„Тут спакайней, чым ва Ўкраіне. У любым выпадку тут парадак“, — сказаў распрацоўшчык бесьпілётнага лятальнага апарата. Праграміст робіць яго ў Менску, аднак рэалізаваць мяркуе на эўрапейскім рынку.

На прамысловай пляцоўцы ў прыгарадзе Менску я нават бачыў дасягненьні рэжыму, які трымае ўсё пад кантролем. Прэзыдэнт Лукашэнка вырашыў разам з кітайскім калегам зрабіць зь Менску велізарны індустрыяльны транзытны горад, які адкрые Кітаю новыя гандлёвыя шляхі ў Эўропу.

„Калі прэзыдэнт кажа, то гэта здараецца“, — сьцьвярджае маладая жанчына, якая суправаджае мяне па будоўлі. Нядаўна беларускі кіраўнік падпісаў указ аб прывабных падатковых стаўках, і вось табе — колькасьць кампаній, якія захацелі тут працаваць, павялічылася».

Пакуль чалавек не канфрантуе з уладамі, у яго можа быць неблагое жыцьцё ў Беларусі

Як зазначае галяндзкі журналіст, ён ведае, аднак, Менск і з другога боку. Па леташніх падзеях у сакавіку, калі адбылася несанкцыяваная ўладамі дэманстрацыя і на вуліцу выйшла шмат людзей. Журналіст ніколі ня бачыў такой колькасьці добра падрыхтаваных міліцыянтаў ды вайскоўцаў, якія фактычна ачысьцілі вуліцу. Вялікую колькасьць людзей тады арыштавалі.

«Гэтым разам у Менску не было ніякага пратэсту. Было ціха, — піша Міхіл Дрыбэрген. — Да таго часу, пакуль чалавек не канфрантуе з уладамі, у яго можа быць неблагое жыцьцё ў Беларусі. Тады можна і не заўважаць дыктатуру. Але калі чалавек крытычна настроены, ён сутыкаецца зусім зь іншым».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG