Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп расьпусціў створаную ім камісію па празрыстасьці выбараў


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп распусьціў прэзыдэнцкую камісію па празрыстасьці выбараў, якую сам жа сфармаваў ў траўні мінулага году. Адпаведны ўказ апублікаваны на сайце Белага дому.

Па словах прэс-сакратара прэзыдэнта Сары Сандэрс, Трамп падпісаў указ, «каб ня ўвязвацца ў бясконцыя судовыя справы за кошт падаткаплатнікаў».

У камюніке, апублікаваным Белым домам, у якасьці прычыны роспуску камісіі ўказваецца той факт, што ўлады «шматлікіх штатаў адмовіліся даць інфармацыю пра галасаваньне на выбарах».

Камісія была створаная пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША заявіў, што ад 3 да 5 мільёнаў чалавек прагаласавалі на выбарах 2016 году незаконна, ня маючы належнай рэгістрацыі. Трамп сьцьвярджаў, што ня змог заваяваць падтрымку абсалютнай большасьці выбарнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2016 году з-за махлярства з падлікам галасоў.

Камісія запытвала ва ўладаў штатаў канфідэнцыйныя дадзеныя, уключаючы даты нараджэньня і нумары сацыяльнага страхаваньня выбарнікаў. Праваабарончыя арганізацыі некалькіх штатаў дагэтуль вядуць судовыя працэсы супраць адміністрацыі Трампа, лічачы дзеяньні прэзыдэнцкай камісіі незаконнымі. Крытыкі дзейнасьці камісіі заяўлялі, што яна зьяўляецца часткай кампаніі кансэрватараў па пазбаўленьні права галасаваць прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў і бедных слаёў насельніцтва.

XS
SM
MD
LG