Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон заклікаў да «дыялёгу» з Іранам і скрытыкаваў ЗША


Праўрадавая дэманстрацыя ў горадзе Нэджэфабад 3 студзеня 2018 году.

У шэрагу гарадоў Ірану ўвечары ў сераду працягнуліся масавыя антыўрадавыя выступы. У сацыяльных сетках зьявіліся фота і відэа новых акцый пратэсту.

Улады Ірану заяўляюць аб тым, што пратэсты ідуць на спад. У некалькіх гарадах разьмешчаныя сілы Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі. У шэрагу месцаў працягваюцца вулічныя сутыкненьні. Паводле афіцыйнага паведамленьня, на захадзе Ірану трое іх байцоў загінулі ў сутыкненьнях з дэманстрантамі. Агульная колькасьць ахвяр сярод дэманстрантаў перавысіла 20, сотні людзей арыштаваныя.

Дэманстрацыі ў Іране працягваюцца ўжо тыдзень. Яны пачаліся пад эканамічнымі лёзунгамі, аднак неўзабаве іх зьмянілі палітычныя, накіраваныя супраць кіраўніцтва краіны і самога рэжыму ісламскай рэспублікі. У сераду ў некалькіх гарадах прайшлі масавыя праўрадавыя дэманстрацыі. Улады абвінавачваюць замежныя сілы ў падбухторваньні да пратэстаў.

Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў спыніць гвалт. Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Зэйд аль-Хусэйн заклікаў улады Ірана паважаць правы пратэстоўцаў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў сераду зноў выступіў у падтрымку ўдзельнікаў акцый пратэсту, заявіўшы, што Злучаныя Штаты акажуць ім дапамогу, «калі прыйдзе час». Інфармацыйныя агенцтвы цытуюць прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША, якія заяўляюць, што Белы Дом можа ўвесьці санкцыі супраць асоб, якія маюць дачыненьне да здушэньня пратэстаў.

Францыя і Нямеччына занялі іншую пазыцыю. Заклікаўшы ўлады Ірану паважаць права на мірны пратэст, прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў пра важнасьць «дыялёгу» з Тэгеранам і асудзіў рыторыку ЗША, Ізраілю і Саудаўскай Аравіі ў сувязі з тым, што адбываецца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG