Рашэньне Акруговага адміністрацыйнага суду Кіева можна абскардзіць, адвакаты Саакашвілі ўжо заявілі пра намер гэта зрабіць.
Саакашвілі патрабаваў адмяніць рашэньне міграцыйнай службы аб адмове ў афармленьні дакумэнтаў для вырашэньня пытаньня аб прызнаньні яго ўцекачом.
Былому прэзыдэнту Грузіі, пазбаўленаму грамадзянства гэтай краіны, пагражае экстрадыцыя ў Грузію, дзе яго абвінавачваюць у шэрагу злачынстваў. Украінскага грамадзянства Саакашвілі таксама быў пазбаўлены, гэтага рашэньня ўладаў Украіны ён не прызнае.
Раней у сераду апэляцыйны суд Кіева перанёс на 11 студзеня разгляд скаргі пракуратуры на адмову прызначыць Саакашвілі меру стрыманьня паводле абвінавачаньня ў падбухторваньні і стварэньні «злачыннай групы». Пракуратура Ўкраіны сьцьвярджае, што пратэсты на чале з Саакашвілі зьяўляюцца часткай расейскай змовы супраць Украіны. Саакашвілі усе абвінавачваньні ў свой адрас катэгарычна адпрэчвае.