Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцекачы і злачыннасьць у Нямеччыне: вынікі дасьледаваньня


Будынак нямецкага фэдэральнага ведамства па справах уцекачоў і мігрантаў, Бэрлін

Маладыя мігранты часьцей за іншых аказваюцца «героямі» нямецкай крымінальнай хронікі. Пра вынікі дакладу крыміналістаў з Ніжняй Саксоніі паведамляе «Нямецкая хваля».

У 2014- 2016 гадах колькасьць зарэгістраваных паліцыяй гвалтоўных злачынстваў павялічылася ў Ніжняй Саксоніі на 10,4 працэнта. У пераважнай большасьці выпадкаў (92,1%) такі прырост выкліканыя ўцекачамі.

Гэтыя дадзеныя, на першы погляд, быццам бы пацьвярджаюць уяўленьні, якія існуюць у Нямеччыне, што пад выглядам уцекачоў у краіну хлынуў паток рабаўнікоў і гвалтаўнікоў. Тым больш што Ніжняя Саксонія — сярэднестатыстычная фэдэральная зямля, і крымінагенная сытуацыя ў ёй прыкладна такая ж, як і па краіне ў сярэднім.

Ня ўсе, аднак, так проста.

Крымінальная актыўнасьць у мігрантаў розная

Пасьля вядомых падзеяў у навагоднюю ноч у Кёльне два гады таму нямецкія СМІ перасталі далікатнічаць з уцекачамі, якія ўчыняюць у Нямеччыне злачынствы. Пішуць пра такія выпадкі падрабязна, з дэталямі, з указаньнем нацыянальнай прыналежнасьці і краіны зыходу. Дзіўна было б замоўчваць відавочнае: мігранты ў нямецкай крымінальнай статыстыцы прадстаўленыя непрапарцыйна шырока.

Гэта пацьвярджаюць і дадзеныя ніжнесаксонскіх экспэртаў: амаль кожнае восьмае гвалтоўнае злачынства ў гэтай фэдэральнай зямлі робяць уцекачы, што значна вышэй, чым іх доля ў насельніцтве Ніжняй Саксоніі. Тым не менш і выснову пра тое, што ўсе ўцекачы валодаюць больш высокай, чым у немцаў, крымінальнай энэргіяй, аўтары дакладу называюць няслушнай.

Па-першае, паказваюць яны, многае залежыць ад сытуацыі ў краіне, зь якой мігранты прыбылі ў Нямеччыну. Па-другое, менавіта ў тыя два гады быў зафіксаваны імклівы рост прытоку ўцекачоў. З 2014 да 2016 гады ён павялічыўся больш чым удвая. Праўда, злачыннасьць сярод мігрантаў у той жа пэрыяд узрасла амаль у тры з паловай разы.

Такі дысбалянс, крыміналісты тлумачыць тым, што ў разгары міграцыйнага крызісу ў Нямеччыну прыбыло непрапарцыйна шмат юнакоў, а таксама маладых і самотных мужчынаў. А злачынцаў, хуліганаў і гвалтаўнікоў ва ўзроставай катэгорыі юнакоў і мужчынаў ад 14 да 30 гадоў — незалежна ад іх нацыянальнасьці — больш, чым у любой іншай групе насельніцтва.

На ўцекачоў часьцей пішуць заявы ў паліцыю

Акрамя таго, у крымінальную хроніку ўцекачы трапляюць часьцей і таму, што пацярпелыя больш ахвотна пішуць заявы ў паліцыю на прадстаўніка іншай нацыянальнасьці, чым на свайго супляменьніка.

Паводле дадзеных ніжнесаксонскіх дасьледчыкаў, траціна ўсіх пацярпелых ад кулакоў мігрантаў — гэта альбо немцы, альбо прадстаўнікі якой-небудзь іншай, чым у злачынцы, нацыянальнасьці. Немец жа піша заяву на немца толькі ў 13% выпадкаў, а, дапусьцім, аўганец на аўганца ці сырыец на сырыйца і таго радзей — толькі ў адным з дзесяці выпадкаў.

58% жанчынаў, згвалтаваных уцекачамі, былі немкі, але, лічаць аўтары дасьледаваньня, такая высокая доля тлумачыцца ў першую чаргу тым, што ўцякачкі, якія сталі ахвярамі згвалтаваньняў у інтэрнатах для мігрантаў, вельмі рэдка зьвяртаюцца са скаргамі да ўладаў.

Зрэшты, якраз сырыйцы, аўганцы, а таксама іракцы значна радзей робяцца «героямі» крымінальнай хронікі, чым уцекачы, напрыклад, з Марока, або Альжыру ці Тунісу. У 2016 годзе доля выхадцаў з гэтых трох паўночнаафрыканскіх краінаў складала ўсяго 0,9% усіх мігрантаў, зарэгістраваных у Ніжняй Саксоніі ў якасьці заяўнікаў на прытулак, і 17,1% — сярод падазраваных ва ўчыненьні злачынстваў.

Адно з тлумачэньняў аўтары дасьледаваньня бачаць у тым, што шанцы паўночнаафрыканцаў на прытулак у Нямеччыне практычна роўныя нулю, гэта значыць, ня маючы пэрспэктыў у Нямеччыне, ім няма чаго губляць.

Уцекачы ад войнаў паводзяць сябе прыстойна

Кіраўнік аўтарскай групы Крысьціян Пфайфэр паведаміў, што з усіх уцекачоў, падазраваных ва ўчыненьні рабаваньняў, 16% — гэта выхадцы з краінаў, ахопленых грамадзянскімі вайны, гэта значыць, з Сырыі, Іраку і Аўганістану. Іх доля ў агульнай масе ўцекачоў — 54%.

У той жа час 31% падазраваных у такіх злачынствах — паўночнаафрыканцы, якіх сярод уцекачоў менш за 1%.

Пфайфэр не заклікае даваць прытулак у Нямеччыне ўсім жадаючым, каб зьнізіць узровень злачыннасьці сярод мігрантаў. Яго рэцэпт — вылучэньне буйных сумаў на праграмы рэпатрыяцыі, масіраваная фінансавая дапамога паўночнаафрыканскім краінам з тым, каб увогуле пазбавіць іх жыхароў стымулу шукаць лепшай долі ў краінах ЭЗ, а таксама — умацаваньне кантролю на зьнешніх межах ЭЗ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG