Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без надзеі на вяртаньне. Гісторыя сям’і, якая ад вайны на Данбасе ўцякла ў Менск


Ілюстрацыйнае фота. Баявыя дзеяньні на Данбасе
Ілюстрацыйнае фота. Баявыя дзеяньні на Данбасе

Нямецкае радыё Deutschlandfunk пра ўкраінскіх уцекачоў у Беларусі.

Ад 2015 году, у выніку расейскіх баявых дзеяньняў на ўсходзе Ўкраіны, сваю радзіму пакінулі многія тысячы людзей. У Беларусі, паводле таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), апынуліся 160 тысяч уцекачоў, некалькі дзясяткаў знайшлі прытулак на Меншчыне. Журналіст нямецкага радыё Deutschlandfunk Тылька Грыс расказвае пра адну такую сям’ю.

Валянціна Гушавая паказвае ложак, дзе сьпіць яе малодшая дачка Дыяна. Малой адзін год і дзевяць месяцаў. Яна нарадзілася ў Беларусі, куды незадоўга да нараджэньня дзяўчынкі вырашыла ўцякаць з Украіны сям’я Гушавых.

«Мы сядзелі на ўпакаваных рэчах і чулі, як за нашымі вокнамі ішлі баі, грымелі выбухі», — кажуць Валянціна і яе муж Сяргей.

Яны жылі ў некалькіх кілямэтрах ад лініі фронту, на тым баку Ўкраіны, што пад кантролем ўкраінскай арміі. Калі дзіцячы садок, куды хадзіла іхная старэйшая дачка, у выніку баявых дзеяньняў быў зруйнаваны, яны закінулі ў сваю машыну пяць цюкоў з адзеньнем і паехалі на паўночны захад ад свайго дома — у бок Беларусі. У Менску з боку суседзяў і проста выпадковых знаёмых яны адчуваюць спантанную і шчодрую падтрымку.

Новыя суседзі былі велікадушныя

«Людзі нам сваю лядоўню аддалі, крэслы... Калі мы пацікавіліся, ці ня мог нам нехта даць карыстаную пральную машыну, нам таксама прапанавалі і шмат іншых рэчаў: чайнік, прас, хлебніцу, абрусы», — кажуць Гушавыя.

Кватэра, дзе яны жывуць, месьціцца ў ціхім прыгарадзе Менску. Раней яна належала алькаголіку і выклікала грэблівыя пачуцьці. Цяпер, пасьля таго, як сям’я ўклала ў яе шмат уласнай працы, выглядае камфортнай. Мэдычную дапамогу і падтрымку для ўцекачоў арганізавала Беларускае таварыства Чырвоны крыжа. Валянціна цяпер нават знайшла працу мэдсястры. Сяргей, у сваю чаргу, дапамагае пажылым і хворым раёну. Гэтай сям’і вельмі пашанцавала.

З прыкладна 160 тысячаў украінскіх уцекачоў на Меншчыне, паводле зьвестак БТЧК, застаюцца ўсяго некалькі дзясяткаў. Большасьць жа жыве на поўдні Беларусі, на Гомельшчыне. Пры ўмове, што будзеш працаваць у сельскай гаспадарцы, можна нават атрымаць дом. Сям’я Гушавых таксама разглядала варыянт паехаць у такія населеныя пункты для ўцекачоў. Але заработная плата, кажуць яны, там вельмі нізкая — каля 100 даляраў на месяц.

Як адзначае Генэральны сакратар БТЧК Вольга Мычко, іх арганізацыя можа дапамагчы ваўчарамі ды адвакатам найбольш неабароненым сем’ям, пажылым людзям, інвалідам. Але ж гэта атрымліваецца адзін чалавек з чатырох, ня больш. Арганізацыя жыве не з падаткаў, а з ахвяраваньняў. Асноўныя донары — Міжнародны Чырвоны Крыж і арганізацыі Чырвонага Крыжа ў іншых краінах. Ахвяраваньні з Эўропы становяцца больш сьціплымі праз тое, што апошнім часам яны сканцэнтраваныя на Афрыцы ды Азіі.

Чырвоны Крыж дапамагае

Чырвоны Крыж у Беларусі дапамагае ўцекачам хутка і эфэктыўна, лічыць прадстаўнік Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа ў Беларусі ды Малдове Мухамэд Хаўцукоў. У 2018 годзе ў Менску ўпершыню ў гісторыі мае запрацаваць прадстаўніцтва гэтай арганізацыі. Паводле яго, супрацоўніцтва зь беларускімі памочнікамі стала больш цесным, асабліва ў апошнія гады:

«Ёсьць мэтады, якія дазваляюць выявіць тых, хто мае найбольшую патрэбу, і працаваць зь іх дадзенымі. Гэта патрабуе майстэрства і ведаў».

Спадар Хаўцукоў дае высокую ацэнку дзейнасьці БТЧК. Улады, аднак, асьцерагаюцца павелічэньня колькасьці ўцекачоў. Як кажа апазыцыйны палітык Анатоль Лябедзька, «дзяржаўная ўлада стала больш асьцярожнай, калі справа даходзіць да гэтых людзей, таму што ў краіну трапілі ня толькі прыхільнікі прэзыдэнта Лукашэнкі, але і прыхільнікі Пуціна».

Пра тое, што Валянціне Гушавой разам зь сям’ёй дазволілі застацца ў Беларусі, яна даведалася вясной, калі беларускія ўлады падоўжылі ім знаходжаньне ў краіне. Назад яны не хочуць, бо там, на пярэднім краі, як і раней, страляюць...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG