Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дональд Трамп: «Ядзерная кнопка» ЗША больш магутная, чым у Паўночнай Карэі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 2 студзеня адказаў на заяву лідэра КНДР Кім Чэн Ына пра «ядзерную кнопку» ў яго на стале словамі пра тое, што Злучаныя Штаты маюць кнопку «большую і магутнейшую».

«Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын заявіў, што „ядзерная кнопка“ заўсёды ў яго на стале. Можа, хто-небудзь зь ягонага зьнясіленага і галоднага рэжыму растлумачыць яму, што ў мяне таксама ёсьць ядзерная кнопка, але яна значна большая, мацнейшая за ягоную, і мая кнопка працуе», — напісаў Дональд Трамп у Twitter.

У навагоднім звароце лідэр КНДР Кім Чэн Ын заявіў, што на ягоным стале «заўсёды ляжыць ядзерная кнопка», дадаўшы, што гэта «рэальнасьць, а не пагроза». Таксама лідэр КНДР запрасіў Паўднёвую Карэю аднавіць перамовы на высокім узроўні, у прыватнасьці наконт удзелу КНДР у Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане.

Трамп заявіў, што ён скептычна ставіцца да любога аднаўленьня перамоваў паміж двума бакамі, але Паўднёвая Карэя на такую прапанову адрэагавала станоўча, прапанаваўшы правесьці перамовы на высокім узроўні з Пхэньянам 9 студзеня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG