Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваным падчас пратэстаў у Іране можа пагражаць сьмяротнае пакараньне


Паліцыя ўжывае вадамёты супраць пратэстоўцаў, Тэгеран, 31 сьнежня 2017

Арыштаваных пасьля трэцяга дня пратэстаў у Іране могуць абвінаваціць у «варожасьці да Бога», за што ім можа пагражаць сьмяротнае пакараньне. Пра гэта паведаміў кіраўнік Тэгеранскага рэвалюцыйнага суду Хаджаталеслам Казанфарабадзі.

«З кожным днём арыштаваных чакаюць больш суровыя пакараньні, іх разглядаюць не як пратэстоўцаў, а як бунтаўнікоў, якія спрабуюць нанесьці шкоду сыстэме органаў дзяржаўнай улады», — піша іранскае агенцтва Tasnim са спасылкай на Казанфарабадзі.

У міністэрстве бясьпекі Ірану заявілі, што «пратэстоўцы і падбухторшчыкі» выяўленыя.

Паводле інфармацыі іранскай службы нашага радыё, усяго па краіне за 6 дзён пратэстаў арыштавалі каля 700 чалавек. У прыватнасьці, 450 чалавек былі арыштаваныя ў Тэгеране, 100 — у Эраку, яшчэ 100 — у Хамадане.

Намесьнік міністра ўнутраных справаў Ірану заявіў, што 90% арыштаваных не старэйшыя за 25 гадоў.

Дзяржаўнае тэлебачаньне Ірану паведаміла пра дзевяць загіблых падчас пратэстаў у ноч на 2 студзеня. Такім чынам, паводле афіцыйных дадзеных, за некалькі дзён загінулі прынамсі 20 людзей, сярод іх ёсьць і супрацоўнікі паліцыі.

Духоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі ўпершыню пракамэнтаваў сытуацыю з пачатку пратэстаў 28 сьнежня, абвінаваціўшы «ворагаў Ісламскай рэспублікі» у арганізацыі беспарадкаў у краіне.

Сакратар Найвышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану абвінаваціў Савудаўскую Арабію ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Ірану праз інтэрнэт: паводле чыноўніка, 27% усіх хэштэгаў, зьвязаных з іранскімі пратэстамі, зыходзяць з тэрыторыі Савудаўскай Арабіі.

Урады ЗША, Нямеччыны, Швэцыі, Турэччыны, Ізраілю, Францыі і Вялікабрытаніі асудзілі гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў з боку іранскіх уладаў.

Разам з тым расейскі МЗС заявіў, што спробы паўплываць на сытуацыю ў краіне звонку непрымальная. Салідарнасьць з уладамі Ірану выказаў урад Сырыі.

XS
SM
MD
LG