Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва пасылае ў Сілы хуткага рэагаваньня NATO больш за 420 вайскоўцаў і тэхніку


Вайскоўцы Сілаў хуткага рэагаваньня NATO
Вайскоўцы Сілаў хуткага рэагаваньня NATO

Больш за 420 вайскоўцаў Літвы са сваёй тэхнікай будуць у 2018 годзе несьці дзяжурства ў складзе міжнародных сілаў хуткага рэагаваньня Паўночнаатлянтычнага альянсу і ўзначальваных Вялікабрытаніяй экспэдыцыйных сілаў. Пра гэта ў аўторак паведаміла літоўскае Міністэрства абароны.

«Усе вайскоўцы, прыпісаныя да саюзьніцкіх падразьдзяленьняў, будуць несьці службу па месцы пастаяннай дысьлякацыі ў сваёй краіне, аднак ва ўмовах самай высокай баявой гатовасьці, каб у выпадку атрыманьня загаду неадкладна прыбыць у прызначаны раён», — адзначыла ведамства.

Паводле паведамленьня, літоўскія вайскоўцы прыпісваюцца да Сілаў хуткага рэагаваньня NATO (NATO Response Force, NRF), Сілаў звышхуткага рэагаваньня NATO (Very High Readiness Joint Task Force, VJTF) і Аб’яднаных экспэдыцыйных сілаў пад камандаваньнем Вялікабрытаніі (Joint Expeditionary Force, JEF).

Літва паставіць на дзяжурства вайскоўцаў сваіх сухапутных войскаў, падразьдзяленьняў спэцыяльных апэрацыяў, вайсковай паліцыі, вайсковай лягістыкі, інжынэрных войскаў, вайсковых мэдыкаў і шэраг іншых. Акрамя таго, узброеныя сілы краіны дадуць у распараджэньне NATO мінны тральшчык.

У складзе Сілаў хуткага рэагаваньня NATO вайскоўцы Літвы знаходзяцца з 2005 году, у складзе экспэдыцыйных сілаў пад камандаваньнем Вялікабрытаніі — з 2017-га. Ранейшую агульную колькасьць кантынгенту Міністэрства абароны Літвы не паведаміла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG