Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: Працяглае расьследаваньне «расейскага сьледу» шкодзіць ЗША 


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў упэўненасьць, што спэцпракурор Робэрт Мюлер, які займаецца расьсьледаваньнем верагоднага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары 2016 году, будзе «справядлівы» ў адносінах да яго. Пра гэта паведамляе газэта The New York Times, з журналістамі якой пагутарыў Трамп.

Амэрыканскі прэзыдэнт чарговы раз заявіў, што яго перадвыбарная каманда ня супрацоўнічала з расейскімі ўладамі. Акрамя таго, ён выказаў надзею на хуткае завяршэньне расьсьледаваньня «расейскага сьледу» ў выбарах. Паводле Трампа, тое, што расьследаваньне зацягваецца, адмоўна адбіваецца на рэпутацыі ЗША, піша The New York Times.

Выданьне адзначае, што ў інтэрвію Трамп спрабаваў дыстанцыявацца ад былога кіраўніка свайго перадвыбарчага штабу Пола Манафорта, якога пракурор Мюлер абвінаваціў у змове супраць ЗША і адмываньні грошай. Прэзыдэнт назваў Манафорта «вельмі добрым чалавекам», але адзначыў, што той больш працаваў на іншых кандыдатаў у прэзыдэнты і іншых рэспубліканцаў, чым на яго.

Акрамя таго, у размове з The New York Times Трамп раскрытыкаваў генэральнага пракурора ЗША Джэфа Сэшнса, які ў сакавіку самаўхіліўся ад расьсьледаваньня магчымага ўмяшаньня Расеі ў амэрыканскія выбары.

У пачатку жніўня спэцпракурор ЗША Робэрт Мюлер склікаў вялікую калегію прысяжных для расьсьледаваньня «расейскага сьледу» ў леташніх выбарах. Мюлер высьвятляе, ці мела месца змова штаба Трампа з Крамлём з мэтай падарваць пазыцыі суперніцы Трампа ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан. Масква сваё дачыненьне да выбараў у іншых дзяржавах катэгарычна адпрэчвае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG