Суд у Ізраілі прызнаў імігранта зь Беларусі вінаватым у спробе далучыцца да экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава», паведамляе Jewish Telegraphic Agency (JTA).
Паводле агенцтва чалавек, якога яно называе «Валянцін Уладзімір Мазалеўскі» быў арыштаваны ў лютым за спробу далучыцца да джыхадзістаў. Мазалеўскаму 40 гадоў, ён жанаты, мае пяць дзяцей і навярнуўся ў іслам падчас вайсковай службы ў 2000 годзе, прыехаўшы ў Ізраіль за чатыры гады да таго, піша JTA.
У сераду суд у Назарэце прызнаў Мазалеўскага вінаватым у кантакце з замежным агентам, спробе наведаць варожую краіну і ў перашкодзе правасудзьдзю. Паводле ізраільскай службы бясьпекі, Мазалеўскі набыў квіток у Турэччыну, каб перайсьці мяжу з Сырыяй і стаць ваяўніком «Ісламскай дзяржавы».
Сам Мазалеўскі нібыта сказаў у судзе, што не зьбіраўся далучацца да «Ісламскай дзяржавы», а ехаў у Сырыю, каб жыць у новаствораным «Ісламскім халіфаце».
Прысуд Мазалеўскаму чакаецца ў лютым 2018 году.