Ва ўспамінах балерыны Мацільды Кшэсінскай сапраўды ёсьць запіс, зь якога вынікае, што яна была цяжарная ад спадкаемцы расейскага пасаду вялікага князя Мікалая Аляксандравіча — будучага імпэратара Мікалая II.
Пра гэта гаворыцца ў адказе дырэктара Росархіву Ларысы Рагавой на запыт радыёстанцыі «Говорит Москва». Запыт быў пасланы пасьля таго, як журналіст газэты «Московский комсомолец» апублікаваў выяўлены ім у архіве раней ня выдадзены фрагмэнт мэмуараў Кшэсінскай, дзе ёсьць такія словы: «Я таксама ўрэшце вылецела з саней ў сьнег і моцна... разьбiлася. Калі б ня гэтае няшчасьце, я стала б хутка маці. Толькі пасля, калі была старэйшая, я зразумела, што тады страціла. Казалі потым, што я мела дзяцей ад Спадкаемцы, але гэта была няпраўда. Я часта шкадавала, што ня мела».
У лісьце дырэктара Росархіву адзначаецца, што гэты фрагмэнт быў выкрасьлены з тэксту мэмуараў самой Кшэсінскай і таму не выдаваўся. Апісаныя ў гэтым фрагмэнце падзеі меркавана адбываліся ўзімку 1893 году.
Сёлета ў Расеі выйшаў у сьвет фільм Аляксея Ўчыцеля «Мацільда», які распавядае пра адносіны будучага імпэратара і Кшэсінскай. Ад паказу фільму з-за пагрозаў так званых праваслаўных актывістаў адмовіліся дзясяткі кінатэатраў у Расеі.