Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Украіны патлумачыў, чаму пры абмене палоннымі не былі выдадзеныя грамадзяне Расеі


Прэзыдэнт Парашэнка і вызваленыя з палону ўкраінскія вайскоўцы.

Прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка заявіў, што Кіеў наўмысна ня выдаў арыштаваных ва Ўкраіне расейцаў пры абмене палоннымі з сэпаратыстамі Данбасу. Іх вызваляць толькі ў абмен на асуджаных у Расеі грамадзян Украіны, падкрэсьліў Парашэнка.

Паводле словаў Парашэнкі, «будзе прыкладацца больш намаганьняў, каб выцягнуць грамадзян Украіны з расейскіх турмаў, з Крыму акупаванага — і дзеля гэтага Кіеў не аддаў ніводнага расейца».

Больш за 15 грамадзян Расеі, якія знаходзяцца ва ўкраінскіх турмах, павінны быць выкарыстаныя для вяртаньня дадому арыштаваных у Расеі украінцаў: журналіста Рамана Сушчанку, рэжысёра Алега Сянцова, крымскага актывіста Аляксандра Кольчанкі, Станіслава Клыха і Мікалая Карпюка, сказаў Парашэнка.

Рэакцыя Крамля

На думку Крамля, тыя ўкраінцы, пра якіх казаў Парашэнка, не падлягаюць абмену ў рамках менскіх дамоўленасьцей, бо ня лічацца палоннымі.

«Што тычыцца шэрагу асоб, якіх вы маеце на ўвазе, якія асуджаныя тут у Расеі, то, безумоўна, яны ня могуць лічыцца палоннымі або затрыманымі асобамі. Яны асуджаныя ў Расеі паводле расейскага заканадаўства. У любым выпадку, падобныя пытаньні абмяркоўваюцца на вышэйшым узроўні і ўсё залежыць ад тых рашэньняў, якія прымае кіраўнік дзяржавы», — сказаў прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.

Абмен

Напярэдадні на кантрольна-прапускным пункце «Маёрск» паблізу горада Горлаўка Данецкай вобласьці ўкраінскія вайскоўцы і сэпаратысты самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» абмяняліся палоннымі. Кіеў перадаў 238 чалавек у абмен на 74 палонных. Сярод вызваленых украінцаў як ваенныя, так і мірныя жыхары.

Обмен пленными между Украиной и сепаратистами
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:03 0:00

Раней паведамлялася, што Кіеў рыхтуе да абмену расейца Яўгена Мефедава, вызваленага з-пад варты ў зале суду па справе аб падзеях у Адэсе 2 траўня 2014 году. Пазьней стала вядома, што Мефедава адправілі ў сьледчы ізалятар Адэсы.

Кіеў сьцьвярджае, што сэпаратысты працягваюць утрымліваць ня менш за 144 грамадзяніны Ўкраіны. Усяго за тры гады збройнага канфлікту ў Данбасе былі вызваленыя з палону або знойдзеныя звыш трох тысяч украінцаў, яшчэ каля чатырохсот зьніклі бязь вестак.

XS
SM
MD
LG