Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская чэмпіёнка сьвету адмовілася гуляць у Саудаўскай Арабіі, бо там парушаюць правы жанчын


Ганна Музычук пасьля перамогі на чэмпіянаце сьвету ў 2016 годзе

Ганна Музычук, чэмпіёнка сьвету па хуткіх шахматах і бліц-шахматах 2016 году, страціць свае тытулы, бо яна адмовілася ўдзельнічаць у Чэмпіянаце сьвету ў Саудаўскай Арабіі. Яна заявіла, што ня хоча мірыцца з прыгнётам жанчын у гэтай краіне.

«Празь некалькі дзён я страчу два тытулы Чэмпіянату сьвету адзін за адным. Проста таму, што я вырашыла ня ехаць у Саудаўскую Арабію. Каб не гуляць па чужых правілах, не насіць абаю [традыцыйную доўгую арабскую сукенку — РС], каб мяне не суправаджалі на вуліцы і ўвогуле, каб не адчуваць сябе другараднай істотай», — напісала яна ў фэйсбуку.

Пра свой намер ня ехаць у Саудаўскую Арабію шахматыстка напісала яшчэ ў лістападзе гэтага году, неўзабаве пасьля таго, як згуляла на чэмпіянаце ў Іране. Там Музычук гуляла партыі ў хустцы.

«Для ўсяго ёсьць свае межы, хусткі ў Іране было больш чым дастаткова», — напісала яна тады ў фэйсбуку пра нежаданьне ехаць у Саудаўскую Арабію.

Ганна Музычук на спаборніцтвах у Тэгеране
Ганна Музычук на спаборніцтвах у Тэгеране

Сястра Ганны, Марыя Музычук — чэмпіёнка сьвету 2015 году. Яна адмовілася выступаць на Чэмпіянаце сьвету ў Іране ў 2016 годзе па той жа прычыне.

«Іран не зьяўляецца прыдатнай краінай для такога прэстыжнага спаборніцтва. І гэта няправільна, што тыя шахматысткі, якія адмаўляюцца ехаць у Іран і насіць хіджаб, проста ні за што губляюць права гуляць у чэмпіянаце сьвету», — сказала яна ў інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Цензор.нет».

Ганна (зьлева) і Марыя Музычук
Ганна (зьлева) і Марыя Музычук

У лістападзе 2016 году Міжнародная шахматная фэдэрацыя абвясьціла аб «гістарычнай дамоўленасьці». Арганізатары турніру ў Саудаўскай Арабіі зрабілі неабавязковым нашэньне хіджабу ці абаі для жанчын. Шахматны турнір будзе першым у гісторыі краіны спартовым спаборніцтвам з такімі правіламі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG