Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьведчаньне беларуса, вяртаньне каштоўнасьцяў з Расеі ды іншыя прапановы Палаты прадстаўнікоў


Ілюстрацыйнае фота

Камісія міжнародных справаў Палаты прадстаўнікоў, якую ачольвае былы намесьнік міністра замежных справаў Валер Варанецкі, выклала на афіцыйным сайце ніжняй палаты Нацыянальнага сходу Беларусі рэкамэндацыі, як выкарыстоўваць гістарычную і культурную спадчыну для ўмацаваньня міжнароднага іміджу Беларусі.

«Свабода» зьвяртае ўвагу на найцікавейшыя прапановы, зробленыя па выніках выязнога пасяджэньня камісіі ў Міры 8 сьнежня 2017 году.

Увесьці «Пасьведчаньне беларуса»

«Разгледзець магчымасьць увесьці „пасьведчаньне суайчыньніка“ для выхадцаў з тэрыторыі Беларусі ды іхных нашчадкаў у мэтах умацаваньня іхнай духоўнай сувязі з гістарычнаю Радзімаю».

Вяртаць у Беларусь вывезеныя каштоўнасьці. У тым ліку з Расеі

Ілюстрацыйнае фота. Слуцкія паясы (на фота) былі вернутыя ў Беларусь зь з Дзяржаўнага гістарычнага музею Расеі
Ілюстрацыйнае фота. Слуцкія паясы (на фота) былі вернутыя ў Беларусь зь з Дзяржаўнага гістарычнага музею Расеі

​«Ажыцьцяўляць цеснае супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі ў вяртаньні культурных каштоўнасьцяў, а таксама пошуку партнэраў, якія могуць спрыяць фінансаваньню рэстаўрацыйных работ на адпаведных гістарычных аб’ектах Рэспублікі Беларусі».

«Ініцыяваць абмеркаваньне з расейскім бокам, у тым ліку па лініі Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі, міністэрстваў культуры і замежных справаў Рэспублікі Беларусі, пытаньняў вяртаньня беларускіх культурных каштоўнасьцяў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, сумеснага выкарыстаньня і ўвядзеньня ў культурнае і навуковае абарачэньне».

«Разгледзець пытаньне аб удасканаленьні артыкулаў 77 і 78 Кодэксу Рэспублікі Беларусі аб культуры з мэтай распрацоўкі мэханізму рэстытуцыі культурных каштоўнасьцяў, вывезеных з тэрыторыі БССР у 1941–1944 гады».

Умацоўваць імідж Беларусі разам з дыяспарай

«Задзейнічаць патэнцыял рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі ў справах беларусаў замежжа для працы зь беларускімі дыяспарамі за мяжой для ўмацаваньня міжнароднага іміджу нашай краіны ў кантэксьце прасоўваньня яе самабытнай, гістарычнай і культурнай спадчыны».

«Вывучыць мэтазгоднасьць распрацоўкі дзяржаўных праграмаў, скіраваных на ўмацаваньне міжнароднага іміджу Рэспублікі Беларусі, у тым ліку „Разьвіцьцё турызму“ і „Беларусы замежжа“ на 2020–2025 гады».

Сыстэмна захоўваць гісторыка-культурную спадчыну

Ілюстрацыйнае фота. Кансэрвацыя з рэстаўрацыяй Крэўскага замку
Ілюстрацыйнае фота. Кансэрвацыя з рэстаўрацыяй Крэўскага замку

​«Працягнуць сыстэмную работу для захаваньня і рэстаўрацыі на тэрыторыі Беларусі гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і мэмарыяльных мясьцін, якія зьяўляюцца знакавымі для гістарычнай памяці нашага народу».

Стымуляваць разьвіцьцё турызму

«Распрацаваць праект Закону Рэспублікі Беларусі «Аб экскурсійнай дзейнасьці».

«Зацікаўленым органам дзяржаўнага кіраваньня разгледзець пытаньне павелічэньня працягласьці бязьвізавага рэжыму для замежных турыстаў і распаўсюджаньня яго на гасьцей, якія прыбываюць у краіну рознымі відамі транспарту, уключаючы чыгуначны і аўтамабільны».

Папулярызаваць нацыянальную сымболіку

Ілюстрацыйнае фота. Беларускія сувэніры на Дні нацыянальных культур у Магілёве
Ілюстрацыйнае фота. Беларускія сувэніры на Дні нацыянальных культур у Магілёве

​«Больш актыўна выкарыстоўваць беларускія брэнды, нацыянальную сымболіку, сувэнірную прадукцыю, відэаролікі ды іншыя прэзэнтацыйныя матэрыялы пра Беларусь у месцах правядзеньня культурных, спартовых і іншых захадаў, пры ажыцьцяўленьні візытаў у замежныя дзяржавы і прыёме замежных турыстаў у Рэспубліцы Беларусі».

Выкарыстоўваць мэханізмы UNESCO

«Выкарыстоўваць ўключэньне ў Сьпіс памятных датаў UNESCO юбілеяў выдатных ураджэнцаў беларускай зямлі і знакавых падзеяў нацыянальнай гісторыі для шырокага знаёмства ўсясьветнай супольнасьці з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай Беларусі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG