Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь БНФ» узначаліла 18-гадовая Ганна Сьмілевіч


Ганна Сьмілевіч

Старшынёй моладзевага крыла Партыі БНФ «Моладзь БНФ» абраная актывістка і прэс-сакратар арганізацыі, 18-гадовая Ганна Сьмілевіч. Такое рашэньне прынятае на VII зьезьдзе арганізацыі, які праходзіць 24 сьнежня ў Менску.

У зьезьдзе бяруць удзел каля 60 актывістаў з розных рэгіёнаў Беларусі.

З прывітальным словам да дэлегатаў зьвярнуўся старшыня партыі Рыгор Кастусёў.

Юрый Лукашэвіч, які ўзначальваў з 2015 года моладзевае крыло партыі, нядаўна абраны намесьнікам старшыні Партыі БНФ, паўторна вылучаць сваю кандыдатуру ня стаў. Ён адзначыў, што пасьля спыненьня дзейнасьці моладзевай структуры ў 2012 годзе праз тры гады яе фактычна давялося ствараць нанова. Цяпер, падкрэсьліў Лукашэвіч, «Моладзь БНФ» аб’ядноўвае па ўсёй краіне больш за 700 чалавек, некаторыя зь іх ужо падпалі пад рэпрэсіі за сваю дзейнасьць — былі адлічаныя з ВНУ або пазбаўленыя працы.

Старшыню арганізацыі выбіралі шляхам тайнага галасаваньня. Першапачаткова на кіруючую пасаду прэтэндавалі сем кандыдатаў, аднак пяцёра зь іх узялі самаадвод. У выніку ў выбарах удзельнічала Сьмілевіч і 21-гадовы актывіст Мікіта Краснакуцкі.

Новаабраная старшыня «Моладзі БНФ» паабяцала ў першую чаргу заняцца ўмацаваньнем ячэек арганізацыі ў рэгіёнах і стварэньнем новых структур, а таксама актыўна ўсталёўваць кантакты па лініі міжнародных моладзевых арганізацый. Сьмілевіч мае намер «рабіць усё для таго, каб „Моладзь БНФ“ квітнела, разьвівалася і актыўна дзейнічала па ўсёй краіне».

Таксама дэлегаты зьезду прынялі зьмены ў статут арганізацыі, якія тычацца дзейнасьці яе рады.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG