Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінскія экспэрты ў сфэры адукацыі будуць кансультантамі пры будаўніцтве школы ў Менску


Кампанія «А-100 Дэвэлэпмэнт» правядзе кансультацыі з экспэртамі ў справе ўкараненьня фінскай сыстэмы адукацыі ў новай школе ў менскім мікрараёне Новая Баравая.

Як паведамілі ў кампаніі «А-100», дэлегацыя Міністэрства адукацыі Фінляндыі прыбудзе ў Беларусь на запрашэньне кампаніі «А-100 Дэвэлэпмэнт» і пры падтрымцы аддзяленьня пасольства Фінляндыі ў Менску.

Экспэрты пракансультуюць будаўнікоў у пытаньні арганізацыі прасторы для вучняў у школе, якая будзе пабудаваная ў Новай Баравой у 2019 годзе.

фінскія школьнікі — адны з самых пісьменных ў сьвеце. Таксама лічыцца, што фінскія дзеці чытаюць больш за ўсіх на плянэце

Паводле дасьледаваньняў міжнароднай праграмы для ацэнкі адукацыйных дасягненьняў вучняў PISA, фінскія школьнікі — адны з самых пісьменных ў сьвеце. Таксама лічыцца, што фінскія дзеці чытаюць больш за ўсіх на плянэце, яны занялі 2-е месца па натуральных навуках і 5-е — па матэматыцы. Такіх посьпехаў Фінляндыя дамаглася дзякуючы распачатай 40 гадоў таму рэформе адукацыі.

Як адзначаюць у «А-100 Дэвэлэпмэнт», кампанія мае намер зрабіць усё магчымае, каб забясьпечыць у школе ў Новай Баравой максымальна набліжаныя да фінскіх умовы адносна арганізацыі прасторы. Гэта першы такі праект у Беларусі і распрацоўваецца ён спэцыяльна для Новай Баравой.

«У фінскага адукацыйнага цуда ёсьць два складнікі посьпеху — як непасрэдная арганізацыя навучальнага працэсу і праца настаўнікаў з вучнямі, так і стварэньне камфортнага для іх атачэньня. Запрошаныя намі экспэрты падзеляцца вопытам са сваімі беларускімі калегамі. Нас жа больш цікавяць менавіта асаблівасьці арганізацыі прасторы для школы, дзе будзе ня толькі камфортна вучыцца, але і бавіць час пасьля ўрокаў», — расказала кіраўніца упраўленьня маркетынгу «А-100 Дэвэлэпмэнт» Кацярына Лапушынская.

Фінская дэлегацыя на чале з незалежным экспэртам Кары Лаўхівуоры прыбудзе ў Менск у студзені. Чакаецца, што акрамя кансультацый са спэцыялістамі госьці правядуць адкрыты майстар-кляс для пэдагогаў і зацікаўленых бацькоў.

Новая агульнаадукацыйная школа ў Новай Баравой будзе складацца з двух асобных навучальных карпусоў — для вучняў малодшых і старэйшых клясаў, у трэцім корпусе разьмесьцяцца сталоўка і адміністрацыйныя памяшканьні. Побач са школай пабудуюць фізкультурны комплекс з 25-мэтровым і 10-мэтровым басэйнамі, трэнажорнай і ўнівэрсальнай спартовымі залямі. Ён будзе зьвязаны са школай крытым шкляным калідорам.

Таксама ў школе створаць разнастайныя зоны адпачынку, прасторны атрыюм з амфітэатрам і г. д. Пачатак будаўніцтва школы заплянаваны на 2018 год.

Раней кампанія «А-100» пабудавала і перадала дзяржаве дзіцячы садок у пасёлку Лясны Менскага раёну. Цяпер заканчваецца будаўніцтва яшчэ аднаго дзіцячага садка ў Новай Баравой.

Пра гэта інфармуе агенцтва БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG