Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дэпутат Віцебскага аблсавету асуджаны на 7 гадоў за хабар


22 сьнежня суд Першамайскага раёну Віцебска прыгаварыў былога начальніка УП «Віцебскае адзьдзяленьне Беларускай чыгункі» Паўла Чванькова да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Галоўны інжынэр прадпрыемства Павал Патапенка асуджаны на 4 гады, перадае партал «Народныя навіны Віцебску».

Крымінальная справа была распачатая яшчэ ў 2015 годзе. Як выявілі сьледчыя, Чванькоў і Патапенка зь лістапада 2012 года па сьнежань 2013 года перасягнулі свае службовыя паўнамоцтвы, выдаўшы загад аб перадачы Віцебскай дыстанцыяй грамадзянскіх збудаваньняў на балянс санаторыя «Чыгуначнік» у вёсцы Малыя Лётцы Віцебскага раёна гаражоў.

Потым гэтыя гаражы рэканструявалі пад дом адпачынку падвышанай утульнасьці і лазьневы комплекс без узгадненьня з заснавальнікам. На гэта Віцебскае адзьдзяленьне чыгункі выдаткавала каля 780 000 рублёў, што пагоршыла фінансавы стан прадпрыемства і яму давялося браць крэдыты на набыцьцё пасажырскіх вагонаў. Таксама былі зацягнутыя тэрміны заканчэньня плянавай рэканструкцыі аб’ектаў прадпрыемства.

Акрамя таго, у кватэры Паўла Чванькова зрабілі рамонт з выкарыстаньне працы рабочых, транспарту, спэцыяльнай тэхнікі і маёмасьці чыгункі. Гэта прывяло да шкоды больш як у 10 000 рублёў.

Павел Чванькоў, які быў таксама дэпутатам Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў 27-га скліканьня, прызнаны вінаватым па частцы 3 артыкула 426 (перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з іншай асабістай зацікаўленасьці, якія пацягнулі цяжкія наступствы), часткі 2 артыкула 210 (крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, зьдзейсьненае групай асоб па папярэдняй змове) і часткі 2 артыкула 424 (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэску, а былога галоўнага інжынэра Паўла Патапенку суд палічыў памагатым свайго кіраўніка.

Прысуд Чванькову і Патапенку яшчэ не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны, паведаміла афіцыйны прадстаўнік абласнога суда Натальля Платоненка.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG