Аднак, як паведамляе «Фонтанка», у жніўні 2017 году Хас-Магамэд Кадыраў стаў першакурсьнікам Чачэнскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а кіраўнік рэспублікі называе яго «малодшым братам».
«Усе тут цёзкі і браты», — пракамэнтаваў у чацьвер прызначэньне Хас-Магамэда Кадырава міністар нацыянальнай палітыкі Чачні Джамбулат Умараў.
Супрацоўнікам паліцыі Грознага новы начальнік быў прадстаўлены 18 сьнежня. Кіраўнік Чачні тады назваў Хас-Магамэда Кадырава «энэргічным і працавітым кіраўніком», адзначыўшы, што «на раней займаных пасадах ён зарэкамэндаваў сябе толькі з выдатнага боку».
«Фонтанка» адзначае, што да прызначэньня на пасаду начальніка паліцыі Грознага Хас-Магамэд Кадыраў месяц узначальваў мясцовае ўпраўленьне па барацьбе з наркотыкамі, а з канца мінулага году ён афіцыйна зьяўляецца памочнікам Рамзана Кадырава. Цяпер у падпарадкаваньні малодшага лейтэнанта знаходзяцца палкоўнікі, падпалкоўнікі, маёры, капітаны і іншыя чыны паліцыі.
Карэспандэнт Радыё Свабода ў чацьвер спрабаваў зьвязацца з Хас-Магамэдам Кадыравым, аднак у паліцыі Грознага заявілі, што яго няма на працоўным месцы. Дзе ён знаходзіцца, дзяжурны не ўдакладніў, а на пытаньні пра тое, колькі гадоў малодшаму лейтэнанту Кадырову і ці зьяўляецца ён сваяком кіраўніка Чачні, заявіў: «Не валодаю такой інфармацыяй».