Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Латвіі завялі крымінальную справу на заснавальніка прарасейскага парталу IMHOclub


18 сьнежня Паліцыя бясьпекі Латвіі затрымала былога журналіста Юрыя Аляксеева, якому было выстаўленае абвінавачаньне ў распальваньні міжнацыянальнай варажнечы.

Юрый Аляксееў — вядомы прарасейскі дзяяч Латвіі, заснавальнік сайту IMHOclub. Беларускі філіял «Імхаклабу» ўзначальвае публіцыст-прапагандыст Аляксей Дзерман.

Існуюць вэрсіі, што IMHOclub фінансуецца з Расеі. Сам Аляксееў вядомы сваімі выказваньнямі кшталту: «Ва Ўкраіне і Латвіі не існуе нацыяналізму — ёсьць толькі дзікі нацызм».

Паліцыя бясьпекі Латвіі паведаміла, што справу на Аляксеева завялі за камэнтары, якія «Магчыма, накіраваны на распальваньне нацыянальнай, этнічнай або расавай варажнечы». У згаданых камэнтарах утрымліваюцца заклікі «прыкончыць усіх фашыстоўскіх вырадкаў», пад якімі разумеюцца прадстаўнікі канкрэтнай нацыянальнасьці, а іх мова названая «фашыстоўскай».

У Паліцыі бясьпекі задакумэнтавана, што камэнтары пакідаліся з IP-адрасу, які належыць Аляксееву. Сам Аляксееў адмаўляе, што пісаў гэтыя камэнтары, аднак яму прадставілі раздрукоўку тэлефоннай сеткі, якая паказвала, што журналіст знаходзіўся дома, калі з ягонага IP адпраўляліся камэнтары.

У той самы дзень у кватэры Аляксеева быў праведзены вобшук, цягам якога супрацоўнікі спэцслужбаў знайшлі два мяшэчкі з патронамі ад пісталета Макарава. «Нехта прыйшоў да мяне ў кватэру і зрабіў закладку», — заявіў з гэтай нагоды Аляксееў. Справу за захоўваньне патронаў пакуль не заводзілі.

«Падстава зроблена вельмі прафэсійна. Абараняцца мне будзе складана — і наконт камэнтароў, і наконт патронаў», — сказаў Аляксееў у інтэрвію delfi.lv.

Падпіску аб нявыезьдзе з Аляксеева ня бралі, таму ён змог вылецець у Каліфорнію, дзе жыве ягоная дачка і ўнукі. Разам зь імі ён плянуе адзначыць Каляды і Новы год. У Рыгу Аляксееў плянуе вярнуцца 7 студзеня.

У ЗША Аляксеева дапыталі супрацоўнікі ФБР у аэрапорце Лас-Вэгасу.

Прыяжджаў Юры Аляксееў і ў Беларусь, дзе быў заўважаны ў кампаніі Аляксея Дзермана, Пятра Пятроўскага, Вадзіма Гігіна, Валянціна Старычонка і іншых.

Аляксей Дзерман пракамэнтаваў гэтыя падзеі ў сваім фэйсбуку так: «Кепскія навіны з Рыгі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG