Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вэрдыкт Эўрапейскага суду: Uber — гэта таксі


Пратэсты францускіх таксістаў супраць Uber, 2016 год

Эўрапейскі суд пастанавіў, што Uber зьяўляецца транспартнай кампаніяй, а не службай наданьня лічбавых паслугаў.

Uber спрабаваў адстойваць у судзе свой статус сэрвісу наданьня інфармацыйных паслугаў. Кампанія сьцьвярджала, што толькі дапамагае людзям праз электронныя сродкі ўсталяваць кантакт адзін з адным і не зьяўляецца пры гэтым кампаніяй таксі.

У сваёй пастанове Эўрапейскі суд заявіў, што Uber ня можа патрабаваць свабодаў, прадугледжаных у адпаведнасьці з заканадаўствам ЭЗ для лічбавых паслугаў.

Падставай для судовага разьбіраньня стала рашэньне ўладаў Барсэлёны, якое змушае Uber выконваць усе правілы, якія тычацца гарадзкіх таксі.

Кіраўніцтва Uber мяркуе, што рашэньне суду практычна не адабʼецца на працы кампаніі ў Эўропе. «Гэтае рашэньне ня зьменіць характар нашай працы ў большасьці краінаў ЭЗ, дзе мы і так ужо дзейнічаем па законах транспарту».

Як заявіла кіраўніца брытанскага кангрэсу прафсаюзаў Фрэнсіс ОʼГрэйдзі, рашэньне суду азначае, што Uber павінен будзе дзейнічаць па тых жа правілах, што і ўсе астатнія.

«Іх кіроўцы — не тавар. Яны заслугоўваюць прынамсі мінімальнай заработнай платы і аплатнага адпачынку, — дадала яна. — Тэхналягічны прагрэс павінен паляпшаць умовы працы, а не вяртаць нас да тых заганных практык, якія, здавалася, засталіся ў далёкім мінулым».

Тым часам лёнданскі мэр Сайдзік Хан, які выступае супраць Uber, заявіў, што аднаўленьне ліцэнзіі кампаніі на працу ў брытанскай сталіцы можа заняць гады.

Дзейнасьць Uber выклікае супярэчлівую рэакцыю ў розных краінах сьвету. У многіх гарадах яна сутыкалася з пратэстамі, галоўным чынам, з боку «клясычных» таксістаў, якія заяўляюць, што такія сэрвісы пакідаюць іх без кліентаў і заробку. У Менску ў ліпені сёлета таксісты пратэставалі супраць працы Uber. Аднак пры гэтым праца сэрвісу ў Менску не была забароненая, як гэта адбылося, напрыклад, у Лёндане.

Нядаўна ўлады Беларусі, як і Расеі, дазволілі абʼяднаньне двух сэрвісаў «Яндэкс. Таксі» і Uber.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG