Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Арлоў пра сваё пяцікніжжа: «Гэта своеасаблівая машына часу»


Пад Каляды ў выдавецтве «Логвінаў» пабачыў сьвет пяцітамовік выбраных твораў аднаго з самых вядомых і запатрабаваных сучасных беларускіх пісьменьнікаў Уладзімера Арлова.

Аўтограф-сэсія пройдзе 20 сьнежня ў менскай кнігарні «Акадэмкніга» ад 18 да 20 гадзіны.

Пяцікніжжа ўключае ў сябе знакавыя творы, створаныя як апошнім часам, так і нашмат раней. Тут і славутае эсэ «Незалежнасць — гэта...», і найноўшая аповесьць «Танцы над горадам», і паэзія з «Парома празь Ля-Манш», адзначаная міжнароднай прэміяй «Эўрапейскі паэт свабоды», і гістарычны пласт са «Снамі імпэратара», і містыка «Краявіду з мэнтолавым пахам»...

Напярэдадні імпрэзы Ўладзімер Арлоў зрабіў для Свабоды экскурсію па сваім выбраным.

Новыя падтэксты старых аповедаў

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

​«Сёньня я гартаю многія старонкі свайго пяцікніжжа са зьдзіўленьнем і нават вусьцішам. Рэч у тым, што нямала тэкстаў, якія ўвайшлі ў гэтыя томікі, нарадзіліся яшчэ ў іншую эпоху. І, перачытваючы цяпер тое, што напісана, напрыклад, у 1980-я, абсалютна нечакана адкрываю для сябе новыя сэнсы, падтэксты; узьнікаюць новыя анфіляды асацыяцый, абсалютна новыя алюзіі.

Том маёй выбранай прозы пачынаецца з апавяданьня „Палёты самотнага птаха“. Яно было напісанае 30 гадоў таму і ў наш час чытаецца зусім па-іншаму. Гэта шчасьлівае адкрыцьцё, якое, спадзяюся, зробяць і мае чытачы».

Падарожжа ў пачатак незалежнасьці

«Я вельмі рады, што ў пяцікніжжа ўвайшоў том эсэістыкі «Вустрыцы а пятай раніцы» — ён, дарэчы, самы важкі. Амаль 15 гадоў мае эсэ не выходзілі асобнымі кніжкамі. Пачынаецца кніга з эсэ «Незалежнасьць — гэта...», якое ў свой час шырока прагучала. Напісанае ў 1990 годзе да Дня Волі, яно перакладзена на 26 моваў і, на жаль, ня страціла актуальнасьці для грамадзянаў ужо даўно незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Завяршаецца том «Келіхам гішпанскага з нобэлеўскім ляўрэатам». Эсэ зьявілася пасьля маёй сустрэчы са швэдзкім паэтам Тумасам Транстромэрам, набэлістам 2011 году па літаратуры.

Увогуле гэты том — своеасаблівая машына часу, зь якой мы зможам зьдзейсьніць падарожжа даўжынёй у чвэрць стагодзьдзя. Чытач вандруе ад Бэрліну, дзе толькі ўчора абрынуўся мур паміж двума сьветамі, да Нью-Ёрку, над якім яшчэ ўзвышаюцца вежы Сусьветнага гандлёвага цэнтру. Дарэчы, з адной зь іх аўтар эсэ «Божая кароўка зь Пятай авэню» і глядзіць на сьвет.

Мы з чытачамі вандруем па Эўропе, дзе яшчэ няма эўра, па Амэрыцы, якая вельмі далёкая ад прэзыдэнцтва Трампа. Але дзівосная рэч: ён сустракаецца ў адным з маіх эсэ 20-гадовай даўніны: я сяджу і чытаю амэрыканскую газэту, у якой фігуруе і «кароль азартных гульняў Дональд Трамп».

Гісторыя ў сьвятле сучаснасьці

«У томе „Архіварыюс Война“ — мая гістарычная проза, дзе таксама магчымае новае прачытаньне апавяданьняў з ХХ стагодзьдзя.

Якраз учора гартаў гэтую кніжку і бачу, што і „Каханак яе вялікасьці“, дзе галоўныя героі — Кацярына ІІ і беларускі шляхціч, які праводзіць зь ёй ноч; і апавяданьне „Далёка да вясны“, герой якога — Ігнат Грынявіцкі, забойца імпэратара Аляксандра ІІ; і апавяданьне „Пяць мужчын у лесьнічоўцы“, прысьвечанае падзеям паўстаньня 1863 году, дзе чацьвёра інсургентаў з разгромленага атраду вырашаюць лёс палоннага расейскага афіцэра — усе гэтыя апавяданьні сёньня прачытваюцца ў іншым сьвятле».

Мэтафізычны бурштын паэзіі

«Калі казаць пра кніжку паэзіі „Краіна Ур“, дык тут сытуацыя, мабыць, іншая, бо вершы як бы закутыя ў мэтафізычным бурштыне паэзіі.

Мне б, вядома, хацелася, каб яны і праз 100 гадоў чыталіся гэтаксама, як чытаюцца сёньня. Аднак трэба ўлічваць той факт, што некаторыя зь вершаў не нашмат маладзейшыя за самога аўтара».

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Станцаваць над горадам

«Ну і, нарэшце, томік пад назвай „Танцы над горадам“, куды ўвайшлі тры мае новыя аповесьці, напісаныя ў 2015–2016 гадах.

Гэта ўжо перавыданьне, што мяне таксама цешыць, бо першае выданьне „Танцаў над горадам“ зьявілася ўлетку. І вось цяпер яно выйшла ў пяцікніжжы».

Разам з падзякай выдавецтву «Логвінаў» за такі каштоўны калядны падарунак Уладзімер Арлоў адзначае плён працы мастачкі Кацярыны Пікірэні, якая выдатна аформіла пяцікніжжа. Тамы нібыта складваюцца ў пазл, і прачытваецца арыгінальны аўтограф аўтара — ня толькі на тытульнай частцы, але і на карэньчыках. «Такая нечаканка грэе мне душу», — кажа пісьменьнік.

Уладзімер Арлоў папярэджвае, што сёньня будзе не прэзэнтацыя, а аўтограф-сэсія. Такі фармат не прадугледжвае доўгіх выступаў, сам аўтар мае прамаўляць ня болей за 5 хвілін. Па яго словах, пачынаючы ад 18-й людзі будуць прыходзіць цягам дзьвюх гадзін, як каму зручна.

Шчасьце ў сваёй Айчыне

У імпрэзе таксама возьме ўдзел мастак Павал Татарнікаў, суаўтар Уладзімера Арлова па маштабнай працы «Айчына: маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касьцюшкі». Зь яе, удакладняе суразмоўца, пачаўся ягоны пісьменьніцкі год — нячаста здараецца, каб фаліянт зьбіраў чэргі ў кнігарнях. Агулам ужо прададзена 5 тысяч асобнікаў. Сёлета гэта найлепшы вынік для беларускай кнігі.

Такім чынам, наведнікі «Акадэмкнігі» змогуць атрымаць супольныя аўтографы адразу двух творцаў. Спадар Уладзімер, акрамя пяцітамовіка, будзе пісаць пажаданьні шчасьця на сваёй «Айчыне», а спадар Павал, па сваёй завядзёнцы, — маляваць дзяўчаткам рознага ўзросту птушку шчасьця, а хлопчыкам — «Пагоню».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG