Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прарасейскія баевікі на Данбасе абстралялі жылыя кварталы з «Граду». Ёсьць параненыя і разбурэньні


Ілюстрацыйнае фота

У штабе Антытэрарыстычнай апэрацыі паведамілі, што расейскія гібрыдныя сілы каля 17:00 абстралялі з рэактыўных сыстэм залпавага агню населены пункт Новалуганскае ў Данецкай вобласьці.

Кіраўнік вобласьці Паўло Жабрыўскі заявіў пра 8 параненых цывільных жыхароў.

Абстрэл вёўся з акупаванай Горлаўкі. Пашкоджаныя 37 аднапавярховых і двухпавярховых дамоў, 10 пяціпавярховак. Акрамя таго, снарады трапілі ў школу, садок і мясцовую амбуляторыю. Палова населенага пункта абясточаная з-за пашкоджаньня ліній электраперадач, часткова пашкоджаны газаправод, дадалі вайскоўцы.

«Цяпер у Новалуганскім, вайсковыя мэдыкі, вайскоўцы, ратавальнікі і паліцыянты праводзяць шэраг першачарговых мераў па эвакуацыі параненых і пацярпелых мірных жыхароў. Раніцай, 19 сьнежня, у населеным пункце будзе разгорнуты гуманітарны штаб, пачнуць працу ваенныя палявыя кухні, пункты абагрэву», — гаворыцца ў паведамленьні штабу.

Баевікі групоўкі «ДНР», са свайго боку, заявілі пра абстрэл падкантрольнай ім Горлаўкі Ўзброенымі сіламі Ўкраіны і пра разбурэньні, выкліканыя абстрэлам — у прыватнасьці, пашкоджаньні будынка інтэрнату.Пра пацярпелых не паведамляецца.

У той жа час у групоўцы «ЛНР» абвінавацілі украінскіх вайскоўцаў у абстрэле Стаханава і Першамайску. Згодна з паведамленьнямі, у Стаханава падчас абстрэлу ад сардэчнага прыступу памёр адзін чалавек, трое параненыя, у Першамайску — паранены адзін цывільны.

Згодна з дадзенымі спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ, паводле стану на 10 лістапада з пачатку году з прычыны баявых дзеяньняў на Данбасе пацярпелі 425 цывільных, зь іх 39 дзяцей.

Канфлікт на Данбасе працягваецца з красавіка 2014 году. Расея неаднаразова адмаўляла ўдзел сваіх вайскоўцаў у канфлікце, пра што заяўляюць Украіна і Захад. Масква ж прызнае толькі прысутнасьць расейскіх «добраахвотнікаў» на Данбасе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG