Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МУС: усё больш беларусаў зьяжджаюць на заробкі за мяжу, працоўных мігрантаў у Беларусь усё менш


У МУС паведамілі, што колькасьць мігрантаў, якія прыцягваюцца ў краіну, за дзевяць месяцаў 2017 году скарацілася ў параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам амаль удвая. Другі трэнд — павелічэньне колькасьці беларусаў, якія зьяжджаюць на заробкі за мяжу.

Начальнік дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Аляксей Бягун на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 18 сьнежня заявіў, што колькасьць мігрантаў, якія прыцягваюцца ў краіну, за дзевяць месяцаў 2017 году скарацілася ў параўнаньні з такім жа леташнім пэрыядам амаль удвая (з больш як 20 тыс да 12,3 тыс), паведамляе БелаПАН.

«Колькасьць працоўных мігрантаў зьніжаецца з-за цэлага шэрагу прычынаў, — растлумачыў прадстаўнік МУС. — Гэта ня толькі звужэньне рынку працы і скарачэньне прапановаў рынку працы. Цяпер у многіх галінах укараняюцца навукаёмістыя вытворчасьці, якія не патрабуюць значнай колькасьці замежных грамадзянаў».

Другі трэнд — павелічэньне колькасьці беларусаў, якія зьяжджаюць на заробкі за мяжу, падкрэсьліў Бягун.

«Гэта зьвязана ў тым ліку зь лібэралізацыяй рынку працоўных паслуг на тэрыторыі Рэспублікі Польшчы. Яна становіцца другой паводле колькасьці дзяржавай, куды едуць працаваць беларусы», — сказаў ён.

На першым месцы застаецца Расея. За дзевяць месяцаў 2017 году ў РФ зь Беларусі афіцыйна зьехалі працаваць 4764 чалавек, у Польшчу — 2102, паведаміў Бягун. На 1 сьнежня афіцыйна выехалі на працу за мяжу больш за 10 тыс суайчыньнікаў.

Паводле кіраўніка прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі міграцыі ў Беларусі Зэйнала Гаджыева, рэальная сытуацыя з працоўнай міграцыяй беларусаў за мяжу моцна адрозьніваецца ад афіцыйнай статыстыкі.

«Статыстыка адзначае толькі тых, хто афіцыйна рэгіструецца, — сказаў ён. — Думаю, насамрэч выяжджаюць зь Беларусі на заробкі ў дзясяткі разоў больш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG