Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША наклалі вэта на праект рэзалюцыі ААН супраць прызнаньня Ерусаліму сталіцай Ізраілю


Пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН (архіўнае фота)

ЗША наклалі вэта на праект рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, якая адрынае прызнаньне Ерусаліму сталіцай Ізраілю, пра якое заявіў раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Астатнія 14 краін-сябраў Рады Бясьпекі прагаласавалі за праект рэзалюцыі, падрыхтаванай Эгіптам.

У дакумэнце выказваецца «глыбокае шкадаваньне» у сувязі з заявай Трампа аб прызнаньні Ерусаліму сталіцай Ізраілю і рашэньнем ЗША ініцыяваць перанос сваёй амбасады ў гэты горад з Тэль-Авіву.

«Любыя рашэньні і дзеяньні, якія маюць сваёй мэтай зьмяніць характар, статус або дэмаграфічны склад Сьвяшчэннага гораду Ерусаліму, ня маюць юрыдычнай сілы, несапраўдныя і павінны быць адмененыя згодна з адпаведнымі рэзалюцыямі Рады Бясьпекі»,

— гаворыцца ў дакумэнце. Праект рэзалюцыі таксама заклікае ўсе краіны сьвету ўстрымацца ад адкрыцьця дыпляматычных місіяў у Ерусаліме.

Прафэсар гісторыі Рэндальф-Маконскага ўнівэрсытэту Майкл Фішбах падкрэсьліў у гутарцы з карэспандэнтам «Голасу Амэрыкі», што рашэньне Трампа азнаменавала рашучы адыход ад шматгадовай палітыкі ЗША і «глябальнага кансэнсусу» ў пытаньні аб ізраільскай сталіцы.

«Ад 1967-га году Ізраіль кантралюе ўвесь горад, аднак міжнародная супольнасьць канстатавала, што да таго часу, пакуль араба-ізраільскі канфлікт ня будзе канчаткова і мірна вырашаны, што ніводная краіна ня хоча наносіць шкоду будучаму рашэньню адносна Ерусаліму, паколькі ў рамках яшчэ даўняга рашэньня ААН горад павінен быў застацца ў міжнароднай зоне», — адзначыў Фішбах.

Трамп заявіў, што яго рашэньне толькі адлюстроўвае «прызнаньне рэальнасьці» і, у прыватнасьці, таго факту, што Ерусалім — гэта ня толькі гістарычная сталіца габрэйскага народу, але і сталіца сучаснага Ізраілю. Ізраільскія лідэры віталі рашэньне Трампа — так, прэм’ер-міністар Біньямін Нэтаньягу падкрэсьліў, што статус Ерусаліму зьяўляецца «асновай мірнага ўрэгуляваньня» канфлікту.

Палестынцы хочуць, каб усходняя частка горада стала сталіцай іх будучай дзяржавы. На мінулым тыдні лідэр Палестынскай Аўтаноміі Махмуд Абас заявіў, што палестынцы больш ня прымуць ролю ЗША ў мірным працэсе. Абас зрабіў гэтую заяву, выступаючы на саміце арабскіх лідэраў, — многія з удзельнікаў гэтай сустрэчы асудзілі рашэньне Трампа як незаконнае.

Эўрапейскі Зьвяз раней паўтарыў сваю пазыцыю, што рашэньне канфлікту паміж ізраільцамі і палестынцамі прадугледжвае стварэньне дзьвюх дзяржаваў зь Ерусалімам у якасьці сталіцы абедзьвюх краінаў.

У Радзе Бясьпекі ААН ініцыявалі экстранае паседжаньне праз рашэньне Трампа прызнаць Ерусалім сталіцай Ізраілю

XS
SM
MD
LG