Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Фінляндыі скандал: апублікавалі зьвесткі пра цэнтар сачэньня за войскамі Расеі


Расейскае дэсантнае судна ў Балтыйскім моры, верасень 2017 году

Прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ абвясьціў пра завядзеньне крымінальнай справы з нагоды публікацыі журналісцкага расьсьледаваньня ў газэце Helsingin Sanomat.

У матэрыяле, апублікаваным у газэце Helsingin Sanomat 16 сьнежня, расказваецца пра цэнтар радыёэлектроннай выведкі Міністэрства абароны Фінляндыі, ​паведамляе DW.

Цэнтар, разьмешчаны ў раёне Тыкакаcкі гораду Ювяскюля, займаецца маніторынгам перамяшчэньня расейскіх узброеных сілаў як мінімум на тэрыторыі былой Ленінградзкай вайсковай акругі. Акрамя таго, раней тут вывучалася магчымасьць усталяваць сыстэмы сачэньня за расейскім газаправодам «Паўночны паток», гаворыцца ў публікацыі.

Пра завядзеньне крымінальнай справы па факце працёку сакрэтных дакумэнтаў абвясьціў галоўны рэдактар Helsingin Sanomat Эса Мякінэн. Паводле яго, пра гэта стала вядома з прэс-рэлізу прэзыдэнта Нійністэ. Упраўленьне крымінальнай паліцыі Фінляндыі паведаміла ў Twitter, што афіцыйная інфармацыя аб завядзеньні крымінальнай справы зьявіцца не раней за 18 сьнежня.

Мякінэн патлумачыў рашэньне публікаваць расьсьледаваньне тым, што паўнамоцтвы комплексу электроннай выведкі ў Тытакошкі могуць быць неўзабаве пашыраныя. Паводле яго, у Фінляндыі рыхтуюцца новыя папраўкі да закону аб выведцы, якія дазволяць спэцслужбам таксама кантраляваць інтэрнэт-трафік. Галоўны рэдактар газэты Helsingin Sanomat лічыць, што новы закон парушыць права грамадзян на прыватнасьць. Журналіст падкрэсьліў, што задача газэты — кантраляваць дзеяньні ўладаў. Паводле Мякінэна, рэдакцыя апублікавала толькі частку зьвестак, якая ня ставіць пад пагрозу бясьпеку краіны.

Першы намесьнік старшыні камітэту абароны Дзярждумы Расеі Андрэй Красаў заявіў, што інфармацыю Helsingin Sanomat варта праверыць. Калі яна пацьвердзіцца, то гэта будзе «нечаканым ходам», паколькі Масква не чакала такіх дзеяньняў ад «калегаў зь Фінляндыі».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG