Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа рымскі Францішак заклікаў журналістаў асьвятляць навіны спакойна, дакладна і поўна, раскрытыкаваўшы распаўсюджваньне недакладнай інфармацыі і імкненьне СМІ да сэнсацыйнасьці.

Як паведамляе радыё Ватыкана, пантыфік сказаў пра гэта 16 сьнежня на сустрэчы з італьянскімі журналістамі.

«Няма патрэбы ўпадаць у „камунікацыйныя грахі“: дэзінфармацыю, аднабаковае асьвятленьне падзеі, якое зьмяшчае прыкметы сэнсацыйнасьці, або паклёп, выцягваньне старых, даўно мінулых рэчаў. Гэта вельмі цяжкія грахі, якія наносяць шкоду сэрцу журналіста і іншым людзям», — сказаў папа Францішак.

Пантыфік дадаў, што місія журналістаў — дакладнае інфармаваньне, прадстаўленьне людзям фактаў, максымальна набліжаных да рэальнасьці.

Францішак падкрэсьліў, што ў цяперашні час, калі пануе імкненьне да хуткай падачы інфармацыі і сэнсацый, якім не хапае дакладнасьці і паўнаты, востра адчуваецца патрэба ў надзейнай інфармацыі, з праверанымі дадзенымі і навінамі, мэта якіх не забаўляць або ўражваць, а стварыць у чытачоў крытычны падыход, які дазволіць ім задаваць правільныя пытаньні і рабіць абгрунтаваныя высновы.

Нядаўна адзін зь вядучых слоўнікаў ангельскай мовы — Collins English Dictionary назваў выказваньне fake news (ілжывая навіна) словазлучэньнем года. За апошні год словазлучэньне fake news рэзка набыло папулярнасьць. Частата яго выкарыстаньня вырасла больш чым у тры разы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG