Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баршчэўскі: «Няма ўнутрыбеларускіх прычынаў, каб тармазіць беларусізацыю»


Лявон Баршчэўскі

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» -- перакладчык і мовазнаўца Лявон Баршчэўскі. Ён адказвае на пытаньне, ці можна разьлічваць на беларусізацыю ад цяперашняй улады, разважае, пры якіх умовах дзяржава і грамадзтва могуць знайсьці паразуменьне, і заяўляе, што мы ня ўсё ведаем наконт ступені залежнасьці цяперашняй улады ад Масквы.

«Хто будзе якасна выкладаць розныя дысцыпліны, калі ўлада дзеліць усіх на сваіх і чужых»

— Выступаючы на другім зьезьдзе беларускіх навукоўцаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк прапанаваў выкладаць гуманітарныя прадметы па-беларуску, а дакладныя — па-расейску. Улічваючы цяперашні канкрэтны гістарычны этап, у цяперашняй моўнай і палітычнай сытуацыі — як можна расцаніць гэтую прапанову?

— Я б сказаў, што ня можа быць у межах аднаго ўнівэрсытэту дзьве асноўныя мовы. То бок калі гэта, скажам, невялікі гуманітарны ўнівэрсытэт і калі яго стварыць у нейкім прыгарадзе — то такое гета можна сабе ўявіць. Але гэта залежыць ад канкрэтных людзей. І паколькі ва ўлады стаўленьне, што «беларускамоўны — гэта апазыцыйны», то гэта можа проста перарасьці ў прафанацыю.

У самой ідэі нічога кепскага няма, каб быў гуманітарны ўнівэрсытэт з выкладаньнем на беларускай мове. Бо гуманітарныя навукі можна ўспрымаць у шырокім сэнсе — гэта і матэматыка, і эканоміка, гэта і розныя тэхналёгіі гуманітарныя. І тут не было б нічога кепскага. Але рэалізацыя ў нашых умовах і пры нашым кадравым патэнцыяле мне вельмі слаба ўяўляецца. Людзі, якія прыйшлі б працаваць ва ўнівэрсытэт, былі б людзьмі другога гатунку.

— Магчыма, Марзалюк казаў не пра нейкі канкрэтны праект, а пра агульны падыход, разглядаючы гэтую прапанову як чарговы крок нейкай «мяккай беларусізацыі». Ці вы бачыце з боку ўлады гэтую «мяккую беларусізацыю»?

— Я скептычна стаўлюся да гэтага тэрміну, бо ўсё зноў вызначаецца канкрэтнымі людзьмі, якую атмасфэру і клімат яны створаць. А ў нас самых лепшых паэтаў не пускаюць на ТБ, самых лепшых навукоўцаў гуманітарных ігнаруюць ці нават звальняюць, і яны працуюць у Варшаве ды іншых месцах. Беларусізацыя ж не на паперы робіцца, яе праводзяць людзі, якіх трэба шанаваць і падтрымаць — але да гэтага ўлада не дайшла.

На паперы тэарэтычна гэта выглядае добра. Але калі пачынаецца рэалізацыя — то хто якасна будзе выкладаць розныя дысцыпліны, калі ўлада дзеліць на сваіх і чужых, калі слова «апазыцыя» для яе раўнацэнна «ворагу», якога трэба зьнішчаць? І не сакрэт, што сярод беларускамоўных шмат апазыцыйна настроеных. Таму рэалізацыя мне неяк не ўяўляецца — гэта лёзунг, ня больш за тое.

— Калі б улада ўсё ж вырашыла б зь нейкіх сваіх прычынаў праводзіць беларусізацыю — то з чаго б ёй варта было пачынаць? Нельга ж чакаць нейкіх радыкальных крокаў, пераводу ўсяго на беларускую мову...

— Гэта сытуацыя кадравая. Калі б унівэрсытэтам кіраваў Алег Трусаў — усе б ведалі, што беларуская атмасфэра там будзе прысутнічаць. Але ж не запросяць такіх людзей, як Алег Трусаў ці акадэмік Гарэцкі. Мы вяртаемся да таго самага — усё рэалізуецца людзьмі. Людзьмі, далёкімі ад беларушчыны, якія, можа, таемна ненавідзяць «гэтую мову», а іх прымусяць чытаць лекцыі па-беларуску. Гэта толькі нашкодзіць справе.

«Дзяржава павінна пачаць беларусізацыю зь сябе. Калі людзі гэта ўбачаць — яны таксама падключацца»

— Калі існуе ўзаемны недавер грамадзтва і ўлады, то як можна праводзіць беларусізацыю? Беларусізацыя ня можа праходзіць толькі намаганьнямі грамадзтва. Сіламі грамадзтва можна зрабіць зусім няшмат, галоўную ролю ў гэтым працэсе павінна граць дзяржава. Як ва ўмовах узаемнага недаверу можна знайсьці паразуменьне?

— Дзяржава павінна пераступіць празь сябе, прызначыць адказных людзей на рэктарскія пасады, прыбраць непатрэбную ідэалягічную заангажаванасьць. Дзяржава павінна пачаць беларусізацыю зь сябе. Калі людзі гэта ўбачаць — яны таксама падключацца.

Дакладныя навукі таксама павіны выкладацца па-беларуску, на ўмовах спрыяньня гэтым прафэсарам (як было на пачатку 90-х, калі плацілі надбаўкі тым, хто выкладаў па-беларуску). Гэта трэба падтрымліваць. Магчыма, трэба было фізыку і інфарматыку ў нашых ВНУ па-ангельску выкладаць, як гэта робіцца, напрыклад, у Швэцыі. Але ў нас чамусьці расейская мова тут.

— У беларускім гуманітарным ліцэі імя Коласа ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску, і ягоныя выпускнікі паступаюць у найлепшыя ВНУ ў Беларусі і за мяжой, і ня толькі на гуманітарныя навукі. Чаму ў грамадзтве яшчэ існуе нейкі стэрэатып, што гэта нейкая праблема — выкладаць дакладныя навукі па-беларуску?

— Калі браць кадравы патэнцыял, то дастаткова шмат і фізыкаў, і хімікаў, якія маглі б выкладаць па-беларуску — калі б бачылі, што гэта частка стратэгічнай праграмы, а не чарговая кароткая кампанія. Гэта можна рабіць на ўзроўні асобных катэдраў. І трэба вырашаць пытаньне: чаму запрашаюць студэнтаў з-за мяжы і вучаць іх расейскай мове? Гэта галоўная перашкода цяпер. Выкладчыкі кажуць — як я магу выкладаць па-беларуску, калі ў групе кітайцаў 15 чалавек? Дык вучыце кітайцаў беларускай мове. І гэта праблема, якой дзеляцца са мной выкладчыкі, якім цяжка ў гэтай атмасфэры ажыцьцявіць сваё права выкладаць па-беларуску.

— У Літве замежныя студэнты навучаліся па-літоўску, не было для іх у гэтым праблемаў.

— Вядома, гэта не праблема. Замежніку ўсё роўна, на якой замежнай мове вучыцца, калі ў яго мэта — далей вучыцца ў гэтай краіне і ў гэтым унівэрсытэце. Але гэта павінна быць праграма, прадуманая з усіх бакоў. У такі тэрмін робім падрыхтоўчае аддзяленьне зь беларускай мовай, потым — далей. Але ня так па-кампанейску, што сёньня сказалі адно, а заўтра — «вы мяне няправільна зразумелі».

— Калі браць заявы апошніх гадоў, то за апошнія тры гады (пасьля Крыму) заяваў на карысьць беларускай мовы з вуснаў Лукашэнкі гучала даволі шмат. Але рэальных крокаў было значна менш. Што перашкаджае беларускай уладзе рабіць рэальныя крокі? Ці яны баяцца рэакцыі русыфікаванай часткі беларускага грамадзтва, ці баяцца рэакцыі замежжа? Ці яны гавораць, толькі каб гаварыць, але не рабіць?

— Мы проста ня ўсё ведаем наконт ступені залежнасьці цяперашняй улады ад Масквы, ад тых радыкальных сілаў, якія там цяпер блізка да ўлады знаходзяцца. І нам цяжка адказаць на гэтае пытаньне. Бо няма ўнутрыбеларускіх прычынаў, каб тармазіць беларусізацыю.
Людзі ў нас у цэлым ставяцца да яе пазытыўна, і я ўпэўнены, што на беларускі ўнівэрсытэт набралася б дастатковая колькасьць студэнтаў — адразу пры жаданьні такі ўнівэрсытэт стварыць.

— Лукашэнка ж нядаўна прызнаўся, што яго ў Маскве папракаюць, што ён праводзіць беларусізацыю. «Не германізацыю ж мне праводзіць».

— Я пра гэта і кажу. Нават нейкія сьціплыя рухі — і прэзыдэнт незалежнай краіны вымушаны апраўдвацца за свае дробныя крокі. Гэта сьведчыць пра залежнасьць гэтай улады ад радыкальных сілаў у Маскве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG