Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта выкладаць гуманітарныя прадметы ў школе па-беларуску, а дакладныя — па-расейску?


Першае верасьня ў беларускамоўнай гімназіі №23 у Менску

На другім зьезьдзе беларускіх навукоўцаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк прапанаваў паступова перайсьці ва ўсіх школах Беларусі да вывучэньня гуманітарных прадметаў цалкам па-беларуску. Дакладныя навукі ён прапанаваў вывучаць па-расейску.

Свабода пацікавілася, як да гэтай ідэі ставяцца выкладчыкі і прадстаўнікі грамадзкасьці.

«Усе прадметы павінны выкладацца па-беларуску»

Віктар Малышчыц, выкладчык астраноміі ў менскім ліцэі БДУ:

​«Канечне, не падтрымліваю. Я лічу, што ўсе прадметы павінны выкладацца па-беларуску. Мова, яна не для пісьменьнікаў, паэтаў, мастакоў, яна не для эліт грамадзтва ці, наадварот, нізоў з калгасаў. Яна павінна быць для ўсіх аднолькавая.

І дакладныя навукі таксама можна на мове лёгка вывучаць і разумець, як і гуманітарныя навукі. Калі нехта кажа, што недзе нечага не хапае з тэрміналёгіі, дык нэалягізмы пастаянна зьяўляюцца. І ва ўсіх мовах сьвету гэтыя словы прыдумляюць на хаду, каб нейкія тэрміны ўвесьці. Прыдумаем сваё, калі чаго не хапае. Напрыклад, у астраноміі, якую я выкладаю па-беларуску, ніякіх праблем няма.

Таму ня трэба дзяліць. Галоўнае, каб ВНУ перайшлі на беларускую. Тады школы лёгка падцягнуцца, і ніякіх пытаньняў наконт мовы і адукацыі ня будзе».

«Дзяліць на дакладныя і гуманітарныя — поўная лухта»

Яўгенія Пастарнак, пісьменьніца:

«Чаму дзяліць на гуманітарныя і дакладныя? Насамрэч самая вялікая праблема будзе ў настаўніках і падручніках. Па вялікім рахунку, мне ўсё роўна, на якой мове гэта будзе выкладацца. Можна ў адной школе на беларускай, а ў другой на рускай, як цяпер ёсьць.

Я павялічвала б колькасьць беларускамоўных школ. Але дзяліць на дакладныя і гуманітарныя — гэта поўная лухта. Дзе яны знойдуць настаўнікаў геаграфіі і гісторыі, якія будуць вольна выкладаць па-беларуску? І дзе надрукуюць такую вялікую колькасьць падручнікаў? Гэта нешта ў дэпутатаў са сфэры фантастыкі, яны аднекуль з Вэнэры прыляцелі, нешта сказалі і паляцелі. Да рэальнасьці гэта ня мае ніякага дачыненьня».

«Я за тое, каб не абмяжоўваць выкладаньне на беларускай мове і ў тэхнічнай сфэры»

Алена Анісім, старшыня ТБМ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў :

«Усё, што тычыцца беларускай мовы, сфэры яе ўжываньня, я падтрымліваю. І калі ўсе прадметы гуманітарнага цыклю ў школах будуць выкладацца па-беларуску, гэта выдатна.

Іншая справа — я за тое, каб не абмяжоўваць выкладаньне на беларускай мове і ў тэхнічнай сфэры. У нас ёсьць спэцыялісты, якія выкладаюць і юрыдычныя, і тэхнічныя навукі па-беларуску. І ў мэдыцыне ў нас ёсьць спэцыялісты, якія выдатна свой курс чытаюць па-беларуску. Ёсьць і фізыкі, і матэматыкі.

Таму казаць, што гэтыя прадметы толькі па-руску — гэта няправільна. Іначай мы так і ня будзем мець магчымасьці ўжываньня беларускай мовы ва ўсіх сфэрах».

«Расейская мова хутка страчвае здольнасьць канкураваць з ангельскай»

Павал Церашковіч, прафэсар-этноляг, сябра аргкамітэту па стварэньні нацыянальнага ўнівэрсытэту:

«Ініцыятыва слушная, але ня цалкам. Што тычыцца пераводу на беларускую мову гуманітарных дысцыплін, гэта можна толькі вітаць. Але захоўваць надоўга выкладаньне тэхнічных дысцыплін на рускай мове няма сэнсу. Расейская мова хутка страчвае сваю здольнасьць канкураваць з ангельскай мовай у гэтых галінах. Таму трэба пераводзіць паступова гэтае выкладаньне на ангельскую мову».

«Любую прапанову па пашырэньні беларускай мовы трэба вітаць​»

Тамара Мацкевіч (справа)
Тамара Мацкевіч (справа)

Тамара Мацкевіч, намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы:

​«Канечне, трэба падтрымліваць усё, што спрыяе разьвіцьцю беларускай мовы. Але мне здаецца, што гэты чалавек ляпнуў, ня думаючы.

Бо першае, што трэба зрабіць, гэта дазволіць на роўных быць беларускай мове ва ўсіх сфэрах, нават не адукацыйных: у справаводзтве, заканатворчасьці і гэтак далей. Каб мова была запатрабаваная ў грамадзтве. Пакуль што беларусы дабіваюцца гэтага права праз суды.

Зь вяртаньнем беларускай мовы ва ўжытак у школьнікаў зьявіцца патрэба яе вывучаць. І тады ня трэба ніякіх Марзалюкоў зь іхнымі падачкамі ў гуманітарных прадметах. Але цяпер, калі няма беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы, то любую прапанову па пашырэньні беларускай мовы трэба вітаць».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG