Паводле зьвестак Эўракамісіі, з 160 тысяч мігрантаў, якія прыбылі ў Італію і Грэцыю з 2015 года, паміж краінамі ЭЗ удалося разьмеркаваць 32 тысячы. У мінулым годзе эўрапейскія памежнікі зафіксавалі амаль два мільёны выпадкаў нелегальнага перасячэньня зьнешніх межаў ЭЗ.
Першы дзень саміту Эўразьвязу завяршыўся без выніковай заявы. Афіцыйныя вынікі дыскусіі па міграцыі падвядуць на прэс-канфэрэнцыі ў пятніцу. У другі дзень саміту лідары краін ЭЗ будуць абмяркоўваць будучыню эўразоны і вынікі перамоваў па Брэксыце.
7 сьнежня Эўрапейская камісія падала пазоў у суд ЭЗ супраць Вугоршчыны, Польшчы і Чэхіі. Гэтыя краіны адмаўляюцца прымаць бежанцаў па квотах, зацьверджаных ЭЗ два гады таму. Эўрапейскі суд можа аштрафаваць дзяржавы і абавязаць іх выконваць пагадненьне.
У падтрымку разьмеркаваньня бежанцаў выступалі, у прыватнасьці, Нямеччына, Францыя і Швэцыя. Згодна з праграмай абавязковых квот, дзяржавы-чальцы ЭЗ павінны прыняць 120 тысяч мігрантаў, якія прыбылі ў Грэцыю і Італію.